Выглядае, што бальшыня дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў”
прыйшлі ў парлямэнт зусім не для таго, каб займацца падрыхтоўкаю законаў
і разьвязаньнем эканамічных праблемаў. Прынамсі, менавіта ў камісіях эканамічнага
й заканадаўчага кірунку жадае працаваць найменшая колькасьць дэпутатаў.
Дзяльба партфеляў і габінэтаў — відавочна, самая важная і адказная справа
для дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў”. Сёньня ўсю першую палову свайго працоўнага
дня яны патрацілі толькі на тое, каб вызначыць колькасьць і назву сталых
парлямэнцкіх камісіяў. Вырашылі, што камісіяў будзе 14, а значыць, у сярэднім
па 7 чалавек у кожнай зь іх. Пасьля гэтага было праведзена рэйтынгавае
галасаваньне, каб даведацца, колькі чалавек жадае працаваць у той ці іншай
камісіі.
Як і можна было прадбачыць, найбольшай папулярнасьцю сярод “палатнікаў”
карыстаецца міжнародная камісія. Амаль кожны пяты — 19 чалавек — выявілі
імкненьне займацца міжнароднымі справамі, гэта значыць, у іхным разуменьні
— езьдзіць за мяжу. Няхай сабе з-за непрызнаньня “Палаты” гэтыя паездкі
магчымыя толькі ў экзатычныя краіны накшталт Кітаю, Віетнаму, Туркмэністану
ды Кубы. Падыйдзе і экзотыка, тым больш што “камандзіровачныя” ў любых
краінах аднолькавыя…
Другое месца ў рэйтынгу папулярнасьці сярод дэпутатаў заняла камісія
прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі й прадпрымальніцтва.
І гэта таксама невыпадкова, улічваючы колькасьць бізнэсоўцаў, якія прайшлі
ў “Палату”. Наўрад ці яны йшлі для таго, каб чарнець над нудотнымі папраўкамі
ў нейкія сацыяльныя законы. Задача больш канкрэтная і простая — лябіяваць
інтарэсы пэўных камэрцыйных структураў. А лепш за ўсё рабіць гэта ў адпаведнай
профільнай камісіі…
І, нарэшце, найбольш красамоўныя вынікі рэйтынгавага галасаваньня. Толькі
два (!) дэпутаты пажадалі працаваць у самай, напэўна, неабходнай і важнай
для любога парлямэнту камісіі — заканадаўчай. Гэткі ж найніжэйшы рэйтынг
— два чалавекі — маюць бюджэтна-фінансавая і банкаўская камісіі. Так што,
як высьвятляецца, заканадаўствам і эканомікаю ў “Палаце прадстаўнікоў”
ніхто займацца не жадае.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1