Сёньня ў Радзе міністраў Эўрапейскага Зьвязу беларускія апазыцыйныя
палітыкі – прадстаўнікі партыяў Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў,
якія зьдзяйсьняюць эўрапейскую паездку, мелі паўгадзінную размову з Гаўерам
Салянам, які зьяўляецца найвышэйшым прадстаўніком Эўразьвязу ў справе зьнешняй
палітыкі. На тэлефоннай сувязі ў Брусэлі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.
(Вячорка: ) “Мы са свайго боку на просьбу спадара Саляны паінфармавалі
яго пра палітычныя вынікі мінулага году, у тым ліку правал лукашэнкавай
лініі на арганізацыю псэўдавыбараў і на іх міжнароднае прызнаньне, і падзякавалі
Эўразьвязу за абсалютна пасьлядоўную пазыцыю ў стасунку да гэтых псэўдавыбараў.
Мы таксама падзяліліся меркаваньнямі наконт дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі
ў 2001 годзе. Размова ішла пра прэзыдэнцкія выбары, як той магніт, вакол
якога і будуць разгортвацца асноўныя палітычныя падзеі 2001 году. Спадар
Саляна са свайго боку дакляраваў падтрымку дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі
ў 2001 годзе і зазначыў, што Беларусь павінна разглядацца як неад’емная
частка дэмакратычнай Эўропы”.
(Карэспандэнт: ) “Як вядома, незадоўга перад парлямэнцкімі выбарамі
Гаўер Саляна пісаў Аляксандру Лукашэнку асабіста ліст наконт магчымай дэмакратызацыі
выбараў парлямэнцкіх. Ці зьбіраецца Гаўер Саляна і надалей працягваць перапіску
з Аляксандрам Лукашэнкам, ці лічыць ён, што гэта плённы шлях, шлях перамоваў,
перакананьняў, ушчуваньняў непасрэдна кіраўніка Беларусі?”
(Вячорка: ) “Я мяркую, што і ў дакумэнтах Эўразьвязу, і ў сёньняшніх
выказваньнях спадара Саляны ёсьць прызнаньне таго, што колькі не намаўлялі
Лукашэнку стаць нармальным эўрапейскім лідэрам, Лукашэнка гэтага не захацеў.
Мы ж сустракаліся яшчэ і ў Эўрапейскім парлямэнце, і ў Эўразьвязе. У прынцыпе,
і ўрады, і парлямэнтары датрымліваюць агульную лінію непрызнаньня вынікаў
фарсу 15 кастрычніка і непрызнаньня створанага пры дапамозе фарсу псэўдапарлямэнту.
І ўсе, у прынцыпе, у адзін голас сьцьвярджаюць, што калі апазыцыя будзе
адзінай і выпрацуе адзіную стратэгію і супольнага кандыдата, то Эўропа
будзе толькі вітаць такую пэрспэктыву дэмакратызацыі Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Ці закраналіся ў Вашых гутарках, і ў прыватнасьці,
з Гаўерам Салянам, яшчэ нейкія тэмы?”
(Вячорка: ) “Я б хацеў зазначыць, што ва ўсіх пунктах нашых сустрэчаў
мы пачыналі размову з абурэньня гвалтоўным разгонам (упершыню пасьля 15
кастрычніка) маладзёвых акцыяў у Менску і Горадні. Якраз у гэтыя дні, калі
адбываюцца суды (мы гэта ведаем дакладна), у прынцыпе, усе міжнародныя
структуры і адпаведныя амбасады выказалі рэжыму сваё стаўленьне з прычыны
аднаўленьня рэпрэсіяў”.
Гутарыла
Алена Радкевіч, Прага
Самае папулярнае
1