Каля 70 чалавек затрыманыя ў Менску ў часе несанкцыянаванага шэсьця
моладзі. Многія былі жорстка зьбітыя амонаўцамі. Сярод іх шмат няпоўнагадовых.
Як толькі калёна дэманстрантаў распачала рух па праспэкце Скарыны ад
Акадэміі Навук у бок плошчы Якуба Коласа, сотні міліцыянтаў накіраваліся
на перахоп. Спачатку праспэкт перакрылі два ланцугі ўзброеных амонаўцаў.
Яны хавалі свае твары за шчытамі. За імі з двара Палітэхнічнай акадэміі
павыскоквалі яшчэ некалькі дзясяткаў амонаўцаў. Яны трымалі ў руках сырэны.
Было відаць, як у гэты момант яшчэ тры ланцугі АМОНу перакрылі ўсю плошчу
Якуба Коласа. Калёна спыніла рух. Адчыніліся дзьверы аўтобусаў, якія стаялі
ўздоўж праспэкту. Адтуль выбеглі спэцназаўцы ў касках і са шчытамі. Яны,
размахваючы дубінкамі, кінуліся на дэмантстрантаў.
Першага затрыманага хлопца, на выгляд гадоў пятнаццаці, спачатку кінулі
тварам на падлогу аўтобуса і жорстка зьбілі дубінкамі і нагамі. Потым міліцыянты
кінулі юнака на сядзеньне, але сядзець ён ужо ня мог. Хлопец страціў прытомнасьць.
Яго зноў кінулі на падлогу ў праходзе. У аўтобус кідалі астатніх затрыманых.
Іх таксама зьбівалі і нікому зь іх не дазволілі дапамагчы тому хлопцу.
Такіх аўтобусаў было каля дваццаці. У кожным – два сабакі без намызьнікаў.
Калі зьбівалі затрыманых, сабакі гучна брахалі.
Па міліцэйскай рацыі прагучаў загад хапаць дэманстрантаў у дварох. Праз
хвіліну адтуль пачалі выводзіць юнакоў. Частку зь іх кідалі ў міліцэйскія
варанкі. Усё гэта адбывалася на вачах студэнтаў Палітэхнічнай акадэміі
і Радыётэхнічнага ўніверсітэту. З адчыненых вокнаў інтэрнатаў студэнты
скандавалі: “Фашысты!”
Разам з дэманстрантамі міліцыянты затрымалі і некалькі мінакоў на другім
баку праспэкту. Зараз у міліцэйскіх пастарунках утрымліваюцца каля сямідзесяці
чалавек . Зь неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што пасьля складаньня пратаколаў,
непаўнагадовых адпусьцяць дахаты толькі позна ўначы. Астатніх, хутчэй за
ўсё, раніцай з РАУСаў павязуць у суд.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1