На думку кіраўніцтва беларускага міністэрства замежных
справаў, становішча вакол вынікаў галасаваньня ў ЗША сьведчыць пра тое,
што ня ўсё ладна з выбарчай працэдураю ў краіне, якая трымае высокую плянку
дэмакратыі.
На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў я
спытаў намесьніка міністра Аляксандра Сычова, як кіраўніцтва МЗС ацэньвае
становішча з падвядзеньнем вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта ЗША
і ці не пасьпеў афіцыйны Менск датэрмінова даслаць аднаму з двух кандыдатаў
віншаваньне зь перамогаю…
“Мы не дасылалі”, — заявіў Аляксандар Сычоў, намесьнік міністра замежных
справаў, які да цяперашняе пасады 6 год працаваў у Нью-Ёрку сталым прадстаўніком
Беларусі ў ААН. Ён адмовіўся спрагназаваць канчатковыя вынікі выбараў,
сказаўшы: “Ня трэба гадаць на кісельнай гушчы”.
Што да перадвыбарчых праграмаў, дык, на думку спадара Сычова, яны збольшага
разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыю. А вось замежнапалітычныя прыярытэты
Вашынгтону будуць, натуральна, залежаць ад таго, хто прыйдзе ў адміністрацыю,
— лічыць Аляксандар Сычоў.
“Мы прымем любы выбар амэрыканскага народу”, — зазначыў намесьнік міністра
замежных справаў.
Паводле ягоных словаў, калі да ўлады ў Злучаных Штатах прыйдуць дэмакраты,
дык ня выключана, што дзяржаўным сакратаром стане Рычард Голбрук, цяперашні
прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1