У Наваполацку не сьціхаюць жарсьці вакол выбараў у так званую “палату
прадстаўнікоў”. Днямі на гэты конт выказалася й пракруатура.
Паказальным выглядае падвядзеньне вынікаў выбараў на 9-м участку Наваполацкай
выбарчай акругі нумар 25, дзе ў адначас з выбарамі “палатніка” абіралі
дэпутата мяйсцовага савету.
Тут удзел у выбарах узялі меней 50-і адсоткаў выбаршчыкаў, і старшыня
камісыі, прафэсар тутэйшага ўнівэрсытэту спадар Паньцялеенка не знайшоў
нічога лепшага як выкрэсьліць ужо пасьля падліку бюлетэняў са сьпісу каля
100 грамадзянаў – студэнтаў, што жывуць у інтэрнаце, матывуючы гэта тым,
што грамадзяне гэтыя, нібыта, адсутнічаюць у горадзе.
Пры гэтым, дакумэнтальнага пацьверджаньня правамернасьці такіх захадаў
старшыня камісіі ня меў, і ягоны намесьнік, сп. Буракоў на знак пратэсту
пакінуў участак.
На наступны дзень назіральнікі, якія прысутнічалі на выбарах, сумесна
з актывістамі праваабарончага цэнтру “Вясна” наведалі студэнцкі інтэрнат
і пераканаліся, што многія з тых, хто быў выдалены са сьпісу, ня толькі
ня з’язджалі з горпаду, а нават узялі ўдзел у выбарах, ня выходзячы зь
інтэрнату.
Назіральнікі зьвярнуліся ў пракуратуру й атрымалі адказ. У ім паведамлялася,
што пракурор паставіў пытаньне аб прызнаньні выбараў у гарадзкі савет на
згаданым участку несапраўднымі і аб правядзеньні ў выбарчай акрузе паўторнага
падліку галасоў.
Насьпяваў скандал, і ў Наваполацак наведаліся прадстаўнікі ЦВК.
Яны сустрэліся зь сябрамі выбарчай камісіі, перагарнулі дзеля выгляду
некалькі папераў і вынесьлі ўласны вэрдыкт, які ў сьціслай форме гучыць
так: у ходзе праверкі парушэньняў заканадаўства на выбарчым участку нумар
9 ня выўялена.
Цяпер наваполацкія праваабаронцы рыхтуюць адпаведны зварот у гэнеральную
пракуратуру, спадзеючыся, што галоўныя дзяржаўныя пракуроры скажуць сваё
важкае слова, і выбары выбараў будуць урэшце рэшт прызнаныя несапраўднымі.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Самае папулярнае
1