Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Афіцыйныя чыноўнікі заяўляюць, што ня бачылі фільму Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”, які прысвечаны знікненьню апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Між тым, і рэакцыя простых гледачоў на гэты фільм пакуль не выглядае вельмі актыўнай, што назіральнікі лічаць доказам нэгатыўных працэсаў у беларускім грамадзтве.

Фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”, паказаны ўчора ўвечары першым каналам расейскае тэлевізіі, стаў яшчэ адным малюнкам беларускае паўсядзённасьці.

Магчыма, расейскаму гледачу, на якога разьлічаны фільм, беларускія рэаліі пададуцца нейкай фантасмагорыяй з палітычным падтэкстам — тут зьнікаюць вядомыя палітыкі й журналісты — прадстаўнікі якраз тых прафэсіяў, якія ў Расеі адчуваюць сябе найбольш абароненымі. Расейскага гледача яшчэ трэба пераканаць у праўдзівасьці такіх падзеяў, што й спрабаваў зрабіць Павал Шарамет.

А вось гледачоў расейскіх каналаў у Беларусі, відаць, пераконваць ня трэба. Пра гэта сьведчыць іхная рэакцыя на фільм Шарамета. Яна пакуль, паводле назіраньняў за першы дзень пасьля паказу фільма, даволі стрыманая. Беларускія вышэйшыя чыноўнікі, якія згадваюцца ў фільме, маўчаць. У пракуратуры краіны, шэф якой Алег Бажэлка неаднойчы цытуецца ў фільме, мне заявілі, што ня бачаць сэнсу ў нейкай рэакцыі “на гэты твор журналіста, арыентацыя якога нам вядомая”. Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, паводле ягонага прэсавага сакратара, таксама ўстрымліваецца ад камэнтароў. Другая адказная крыніца з МУС заявіла, што “падыход Шарамета да некаторых тэмаў вельмі тэндэцыйны”.

Асабліва абурыла адказных міліцыянтаў тое, што ў фільме пра зьнікненьне Зьмітра Завадзкага выкарыстаныя кадры затрыманьняў беларускіх журналістаў. “Якое гэта мае дачыненьне да тэмы? Масавыя затрыманьні журналістаў былі ўсяго аднойчы, прычым тут Завадзкі?”, — абураўся адказны супрацоўнік МУС. А міністар юстыцыі Юры Варанцоў сёньня паведаміў журналістам, што такога фільму ня бачыў і таму камэнтаваць яму няма чаго. Гэткай жа пазыцыі, паводле карэспандэнта ОРТ Зьмітра Наважылава, прытрымліваюцца і ў адміністрацыі прэзыдэнта.

(Наважылаў: ) “Ніякай афіцыйна рэакцыі не было, нягледзячы на тое, што мы сёньня былі і ў адміністрацыі прэзыдэнта, у прыватнасьці, і ў іншых афіцыйных установах. Ніякай рэакцыі не было. А што тычыцца тэлефанаваньняў, дык так, быў званок звычайнага грамадзяніна, які выказаў падзяку нам і асабіста шарамету. На жаль, гэтыя зьнікненьні ўжо сталі звыклымі, і гэты фільм пакуль ня вылікаў належнай рэакцыі з боку грмамадзтва. Што тычыцца нас, мяне асабіста і нашага невялікага оэртэшнага калектыву тут, мы вельмі глыбока перажывалі, а пасьля прагляду, шчыра кажучы, проста жыць не хацелася”.

Казаў карэспандэнт ОРТ ў Беларусі Зьміцер Наважылаў.

А Тацяна Процька, кіраўнік Беларускага Гэльсынскага камітэту, маўчаньне простага беларускага гледача тлумачыць палітычнымі ўмовамі, створанымі ў краіне.

(Процька: ) “У 35 годзе, паводле матэрыялаў КДБ, была праведзеная такая акцыя – шукалі іншадумцаў, ну і знайшлі аднаго. Ён быў карэспандэнтам Камсамольскай праўды, езьдзіў па Беларусі, зьбіраў анэкдоты. За гэта і зьгінуў чалавек. І вось там такі анэкдот быў. У савецкай кріане ў 1936 годзе будзе засуха. Чаму? А таму, што ўсе мільёны людзей, якія тут жывуць, набралі ў рот вады. Такая сытуацыя і ў нас. На наступны год будзе засуха ад таго, што ў нас закрытая інфармацыйная прастора, што ў нас людзі ідэалягічна апрацоўваюцца. Таму мы маем вынік, калі грамадзтва неадэкватна рэагуе на падзеі ў краіне”.

Гэта казала Тацяна Процька. На ейную думку, фільмы на тэму зьнікненьня ў Беларусі вядомых палітыкаў і журналістаў мусяць здымацца ў першую чаргу з разьлікам на беларускага гледача, беларускімі аўтарамі, і дэманстравацца беларускай тэлевізіяй. Тацяна Процька перакананая, што дамагацца гэтага трэба, якім бы безпэрспэктыўным спачатку не падавалася такое змаганьне.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG