Рэчыцкі гарадзкі суд пацьвердзіў абгрунтаванасьць высноваў
назіральніка аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Зураба Барбакадзе адносна
парушэньня выбарчага заканадаўства ўчастковай камісіяй №22 акругі 46-й
у выбарах дэпутатаў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Старшыня ўчастковае
камісіі, дырэктарка школы Алена Сыч аштрафаваная на 4 мінімальныя заробкі
— 14 тысячаў 400 рублёў.
Акт пра парушэньні сябрамі ўчастковае камісіі выбарчага заканадаўства
назіральнік з Рэчыцы Зураб Барбакадзе склаў яшчэ пад час першага туру выбараў.
Паводле ягонае высновы, сябры камісіі Валеры Васюк, Алена Баброўнік ды
Іван Бядзюк фальшавалі вынікі галасаваньня — штучна падвысілі ня менш як
на 130 асобаў колькасьць грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах.
Факты доўга спраўджвала пракурорка абласное пракуратуры Марыя Чарнабай
разам з супрацоўнікамі мясцовае міжраённае пракуратуры. З трохсот апытаных
выбаршчыкаў шасьцёра пацьвердзілі, што асабіста не прыходзілі на ўчастак
галасаваць за кандыдатаў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Далей пракуратура
ня стала паглыбляцца ў тэму фальшаваньня.
Ужо апасьля другога туру галасаваньня пракурор вобласьці Алег Палавінка
накіраваў у Рэчыцкі гарадзкі суд адміністрацыйную справу ў адносінах старшыні
ўчастковае камісіі Алены Сыч пра парушэньне артыкулу 167, часткі трэцяй
Адміністрацыйнага кодэксу — прадастаўленьне магчымасьці адной асобе галасаваць
за другую.
На падставе матэрыялаў пракуратуры выконваючы абавязкі старшыні суду
Аляксандар Матарас і аштрафаваў Алену Сыч на 4 мінімальныя заробкі.
Гэта адзіны зь дзясяткаў выяўленых назіральнікамі фактаў фальшаваньня
выбараў у рэгіёне, на які са спазьненьнем, але хоць нейкім чынам адрэагавалі
праваахоўныя ворганы.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1