Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску прайшло першае паседжаньне рабочае групы ў справе стварэньня народнага руху “За перамены”. Гэтая ініцыятыва належыць некалькім былым кандыдатам у дэпутаты г.зв. “Палаты прадстаўнікоў” ад Воршы. Адна з галоўных задачаў новага аб’яднаньня — вылучэньне й падтрымка адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.

Першае паседжаньне арганізацыйнага камітэту руху “За перамены” працягвалася сёньня больш за тры гадзіны. У прысутнасьці кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка, ягонага намесьніка Мішэля Рывалье, лідэра “Народнае Грамады” Міколы Статкевіча, а таксама 25 былых кандыдатаў у дэпутаты з шэрагу рэгіёнаў Беларусі (пераважна ўсе яны сябры ці прыхільнікі БСДП) група з Воршы выступіла са сваёй ініцыятываю.

У заяве, якую падтрымалі мясцовыя арганізацыі партыі “Народная Грамада”, Лібэральна-Дэмакратычнае партыі, Таварыстваў Беларускае Мовы й Школы, Гэльсынскага камітэту, мясцовымі Свабоднымі прафсаюзамі, гаворыцца, што новы рух “За перамены” хоча аб’яднаць усіх грамадзянаў, што выступаюць за хуткія і эфэктыўныя перамены ў беларускім грамадзтве.

Паводле аўтараў звароту, сёньня дзеля пераадоленьня палітычнага крызысу патрэбная рэальная сіла. Якая б здолела аб’яднаць вакол сябе розныя палітычныя й грамадзкія плыні. Аўтары заявы лічаць, што менавіта яны, былыя кандыдаты ў дэпутаты, маючы адпаведны досьвед выбарчае барацьбы, здольныя стварыць аснову новае сілы “За перамены”.

Ініцыятыву стварэньня гэтага руху актыўна падтрымаў лідэр Сацыял-Дэмакратычнае “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч. Ён лічыць што толькі новыя людзі з багатым досьведам выбарчае барацьбы здольныя стварыць дзейсную структуру й перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Зварот аршанцаў – гэта заклік да адзінства новых сілаў, дадатковых сілаў, рэальных сілаў. Мы проста абавязаныя яго скарыстаць. З кім мы будзем працаваць на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, з кім мы будзем наладжваць кантроль? А тут паглядзіце – новыя людзі. Іх сотні. За імі, за кожным, 15 рэальных людзей, не балбатуноў. Гэта мінімум 15, тых, хто сабраў подпісы. Гэта столькі трэба, каб сабраць у жніўні подпісы. За імі гэтых подпісаў – сотні тысяч. І што, мы ад гэтага павінны адмовіцца?”

Заявіў спадар Статкевіч.

Заўтра ён мае намер паінфармаваць пра стварэньне новага палітычнага руху сяброў Кансультацыйнае рады палітычных партыяў. Устаноўчы зьезд руху плянуецца правесьці ўжо ў гэтым месяцы. Мікола Статкевіч сьцьвярджае, што гэтая ініцыятыва не накіраваная супраць іншых палітычных аб’яднаньняў.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG