12 лістапада ў Менску й шэрагу іншых гарадоў краіны мае адбыцца сэрыя
масавых моладзевых акцыяў пад агульным назовам “Пераменаў!”. Кааліцыя моладзевых
арганізацыяў зьбіраецца вывесьці на вуліцы тысячы хлопцаў і дзяўчат пад
лёзунгамі барацьбы за свабоду, дэмакратыю і дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.
Актывісты 7 грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ўваходзяць у Кааліцыю моладзевых
арганізацыяў, маюць намер правесьці акцыю “Пераменаў!” у 33 гарадох Беларусі.
І амаль усюды яны сутыкнуліся з супрацівам мясцовых уладаў. Прыкладам,
у Слоніме й Баранавічах паўсталі праблемы з памяшканьнем для канцэрту.
А ў Менску гарадзкі выканкам забараніў шэсьце па праспэкту Францішка Скарыны.
(Севярынец: ) «Калі я размаўляў з намесьнікам мэра Менску спадаром Пятручыным,
ён нават усур’ёз не ўспрымае маладзёвыя акцыі, а мы ня хочам супрацьстаяньня,
правакацыяў і гвалту як самамэты ў акцыі. У выпадку жорсткага супрацьстаяньня
ўладаў, у выпадку проста непрыманьня нашай пазыцыі заяўнікі гатовыя скласьці
з сябе адказнасьць за правядзеньне акцыяў,»
— заявіў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Ён, тым ня менш, яшчэ
спадзяецца на кампраміс з уладамі адносна маршруту шэсьця.
У Менску акцыя распачнецца з узнагароджваньня колішніх сяброў «Беларускага
патрыятычнага саюзу моладзі», якія адгукнуліся на прапанову Кааліцыі моладзевых
арганізацыяў спыніць сяброўства ў БПСМ.
Прадстаўнікі Кааліцыі спадзяюцца, што ў акцыі «Пераменаў!» возьме ўдзел
больш людзей, чым у папярэдніх маніфэстацыях. Павал Севярынец лічыць, што
пасьля пасьпяхова праведзенае кампаніі «Байкот-2000» у моладзевым асяродку
ўзрасла цікавасьць да палітычнага жыцьця ў краіне, і цяпер гэты інтарэс
трэба падтрымліваць.
Кааліцыя праз прывабныя для моладзі вулічныя выступы імкнецца зацікавіць
яе будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. І ад ейнай актыўнасьці ў той выбарчай
кампаніі будзе залежаць шмат. Перадусім у гэтым кірунку і дзейнічае сёньня
Кааліцыя моладзевых арганізацыяў.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1