7 лістапада ў ЗША адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. А як амэрыканцы абіраюць
кіраўнікоў дзяржавы?
Праз чатыры дні Амэрыка вызначыць, хто будзе кіраваць краінаю на пачатку
ХХІ стагодьдзя. У гэты дзень будзе пераабірацца таксама траціна сэнатараў
– дэпутатаў верхняй палаты Кангрэсу і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША праводзяцца паводле даволі арыгінальнай сыстэмы.
Выбаршчыкі кожнага штату абіраюць не непасрэдна кіраўніка дзяржавы, а сябраў
калегіі выбаршчыкаў – 538 чалавек па ўсёй краіне. Колькасьць сябраў калегіі
ад кожнага штату прапарцыйная колькасьці насельніцтва: напрыклад, ад Каліфорніі
абіраецца 54 сябры калегіі, а ад Паўночнай Дакоты – толькі трое. 6 сьнежня
абраныя сябры калегіі зьбяруцца ў сталіцах сваіх штатаў і прагаласуюць
за свайго кандыдата. Прэзыдэнтам стане той, хто атрымае большасьць галасоў
сябраў калегіі, гэта значыць, больш за 269 галасоў. І толькі 20 студзеня
будучага году прэзыдэнт прынясе прысягу, і ў Белага дому зьявіцца новы
гаспадар. Калі ж галасаваньне ў калегіі ня вызначыць пераможцу, прэзыдэнта
абярэ ніжняя палата Кангрэсу з трох кандыдатаў, што набралі найбольшую
колькасьць галасоў.
Асаблівасьць гэтай сыстэмы палягае ў тым, што кандыдату дастаткова набраць
у пэўным штаце хаця б на адзін голас больш, чым яго супернікам, і ў калегію
выбаршчыкаў ад гэтага штату трапляюць толькі яго прыхільнікі – сыстэма
“пераможца атрымлівае ўсё”. Таму ў прынцыпе можа здарыцца так, што кандыдат,
які набірае менш галасоў шараговых амэрыканцаў, перамагае ў калегіі выбаршчыкаў.
У гісторыі Амэрыкі так двойчы і было: у 1876 годзе, калі з перавагаю
ў адзін голас у калегіі выбаршчыкаў прэзыдэнтам стаў Раттэрфорд Гэйс, і
ў 1888 годзе, калі Бэнджамэн Гарысан саступіў канкурэнту 95 тысячаў галасоў
шараговых выбаршчыкаў, але атрымаў перавагу ў 65 галасоў ў калегіі. Даходзіла
справа і да Палаты прадстаўнікоў. У 1800 годзе Джэфэрсан і Бэр набралі
роўную колькасьць галасоў у калегіі, і Палата прадстаўнікоў толькі з 36-га
галасаваньня аддала перавагу Джэфэрсану.
Чаму ў Амэрыцы прынятая такая дзіўная сыстэма абраньня кіраўніка дзяржавы?
Варта прыгадаць, што першапачаткова краіна была саюзам дзяржаваў: штат
– па-ангельску “state”, гэта і ёсьць дзяржава. І таму бацькі-заснавальнікі,
ствараючы Канстытуцыю, прыдумалі такі грувасткі парадак абраньня прэзыдэнта,
каб забясьпечыць пэўныя правы штатаў.
Зразумела, зараз гэта ўжо ў большай ступені даніна традыцыі: ЗША – фэдэратыўная
дзяржава. На працягу больш 200 гадоў было некалькі спробаў зьмяніць сыстэму
абраньня прэзыдэнта на звыклы для нас парадак прамога абраньня насельніцтвам.
Але парадак зьмены Канстытуцыі ў ЗША – вельмі складаны: папраўку мусяць
ухваліць паасобку абедзьве палаты Кангрэсу, і заканадаўчыя сходы ня менш
як трох чвэрцяў штатаў. Таму і зараз, напрыканцы ХХ стагодзьдзя, амэрыканцы
абіраюць сваіх прэзыдэнтаў паводле той жа сыстэмы, паводле якой галасавалі
іх продкі ў 1788 годзе пасля завяршэньня вайны за незалежнасьць.
Ня выключана, што і на гэты раз амэрыканская выбарчая сыстэма створыць
чарговую казусную сытуацыю, хаця паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў
лідуе кандыдат рэспубліканцаў Джордж Буш, ягоны адрыў ад кандыдата-дэмакрата
Ала Гора складае некалькі адсоткаў.
Юры Дракахруст, Прага
Самае папулярнае
1