Экс-прэм’ер Беларусі Міхал Чыгір называе няпраўдаю
зьвесткі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, быццам ён пайшоў у адстаўку з прычыны
шантажу з боку апазыцыі. Міхал Чыгір сьцьвярджае, што напярэдадні адстаўкі
меў працяглую размову з Лукашэнкам пра неабходнасьць зьмены палітыкі, але
Лукашэнка да яго не прыслухаўся.
Сярод прозьвішчаў апазыцыйных дзеячоў, якія згадваліся Аляксандрам Лукашэнкам
пад час учорашняга гэтак званага “грамадзкага дыялёгу”, некалькі разоў
гучала й прозьвішча надоечы асуджанага экс-прэм’ера Міхала Чыгіра. Лукашэнка
спачатку заявіў, што экс-прэм’ер сыйшоў у адстаўку быццам бы з-за таго,
што апазыцыя шантажавала яго “ягонымі праблемамі”. А праз нейкі час імя
Чыгіра ўсплыло яшчэ раз – калі Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Назіральнае
групы АБСЭ Ганса-Георга Віка, пагражаў разгалошваньнем нейкіх канфідэнцыйных
зьвестак пра тое, як ішлі перамовы наконт далейшага лёсу Міхала Чыгіра.
Беларускі кіраўнік выказаў меркаваньне, што калі б не ягонае заступніцтва,
дык рашэньне суду магло бы быць іншым, і Чыгір быў бы адпраўлены ў турму
на 15 гадоў за крадзеж, паводле Лукашэнкі, “ледзь ня двух мільёнаў даляраў”.
У той жа дзень стала вядомая рэакцыя спадара Віка на словы Лукашэнкі
на сваю адрэсу. Нагадаю, што ў інтэрвію нашаму радыё кіраўнік Назіральнае
групы АБСЭ заявіў, што ня мае праблемаў з тым, каб Лукашэнка зрабіў здабыткам
галоснасьці тыя фрагмэнты перамоваў, якія ён жадае выкрыць. А спадар Вік
у сваю чаргу гатовы апублікаваць рэштку.
А што на тэму сваёй адстаўкі й палітычнай афарбоўкі працэсу мяркуе Міхал
Чыгір?
“Я мушу сказаць, што гэта, мабыць, хвароба, інакш не назавеш”, – называе
Міхал Чыгір шматлікія абвінавачваньні на сваю адрэсу з боку Аляксандра
Лукашэнкі. Чыгір згадвае, што ў лістападзе 1996 году, напярэдадні рэфэрэндуму,
на яго не было аніякага ціску з боку кіраўніцтва Вярхоўнага Савету. Ніхто
яго не прымушаў ісьці ў адстаўку і “не шантажаваў ніякімі праблемамі, якіх
не было”. “Мяне непакоіла толькі тое, што рэфэрэндум расколе грамадзтва
й прывядзе да ізаляцыі нашае краіны”, – сьцьвярджае Міхал Чыгір.
Напярэдадні адстаўкі ён апошні раз паспрабаваў пераканаць Лукашэнку
ў тым, што трэба адмовіцца ад рэфэрэндуму й кардынальна зьмяніць палітыку.
Міхал Чыгір узгадвае тую апошнюю размову:
(Чыгір: ) “Я спрабаваў даказаць, што трэба ставіць краіну на рэйкі разьвіцьця
– тыя, на якіх стаіць увесь цывілізаваны сьвет, але гэтага не адбылося,
на жаль. Пры мне гэта не адбылося, і пасьля майго адыходу ад улады стала
яшчэ горш”.
Што ж тычыцца ўмяшаньня Лукашэнкі ў рашэньне судзьдзяў у ягонай справе,
дык Міхал Чыгір перакананы, што яно, сапраўды, было. І тут няма анічога
дзіўнага, бо адпачатку менавіта паводле палітычнага загаду з самага верху
быў распачаты перасьлед, і таму свой вэрдыкт судзьдзі не маглі не ўзгадняць
“наверсе”. “Незалежнага суду ў нас няма, я ў гэтым пераканаўся на асабістым
прыкладзе. І гэта адна з прычынаў, з-за якіх я уключыўся ў гэтую барацьбу
– бо парадкі, пры якіх ўсё вырашае адзіны чалавек – трэба мяняць, яны нас
да цывілізаванага й багатага жыцьця не прывядуць”, – перакананы Міхал Чыгір.
А напрыканцы згадаем яшчэ адную прамову Аляксандра Лукашэнкі – сказаную
ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, неўзабаве пасьля агалошваньня славутага
антыкарупцыйнага даклада дэпутата Сяргея Антончыка…
(Лукашэнка: ) “…Я калісьці, запрашаючы Чыгіра Міхаіла Мікалаевіча, і
Лінга, і Мясьніковіча, і іншых… я казаў: ніколі ў жыцьці я сабе не дазволю
кагосьці з вас здаваць”.
Гэтак казаў Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні 1995 году. Тады, паводле
Лукашэнкі, ён таму і ўзяў Чыгіра ў прэм’еры, што той вызначаўся сумленнасьцю
й некарумпаванасьцю.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1