Сёньня Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Берасьцейскую вобласьць, дзе
наведаў Бярозаўскую гідраэлектрастанцыю. Увечары ў Віскулях мае адбыцца
ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам, які сёньня прыбыў
у Беларусь.
Галоўнай мэтай візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Белаазёрск, дзе разьмешчаная
Бярозаўская ГРЭС, паводле меркаваньня спэцыялістаў, зьяўляецца разгляд
інвэстацыйных праектаў у справе мадэрнізацыі адной з буйнейшых электрастанцыяў
краіны. З-за маральнага састарэньня абсталяваньня энэргія, што выпрацоўваецца
ў Белаазёрску, вельмі дарагая і няздольная канкураваць з той, што вырабляецца
за межамі Беларусі. Таму магутнасьці Бярозаўскай ГРЭС сёньня выкарыстоўваюць
толькі на 20 адсоткаў. Беларусь адна прафінансаваць мадэрнізацыю станцыі
ня ў стане. Паводле сьціплых падлікаў, на гэта патрэбна каля 180 мільёнаў
даляраў. Таму зараз ідзе пошук інвэстараў.
У сакавіку аб сваім намеры ўзяць удзел у праекце заявілі прадстаўнікі
Польшчы, Нямеччыны і Расеі. Расейскі Гаспрам, у прыватнасьці, пагадзіўся
выдаткаваць грошы з умовай, што праект будзе скіраваны на экспарт энэргіі,
а беларускі бок кампэнсуе цяперашнія выдаткі Гаспраму у валюце. Літаральна
напярэдадні візыту прыйшлі зьвесткі, што сёлета экспарт энэргіі ў Польшчу
не плянуецца, бо палякі не знайшлі сродкаў, каб разьлічыцца з мясцовымі
сялянамі, праз зямельныя ўчасткі якіх павінна быць пракладзеная ЛЭП.
У другой палове дня ў берасьцейскім аэрапорце прызямліўся самалёт Леаніда
Кучмы. Мясцовыя ўлады вельмі сур’ёзна паставіліся да візыту. На галоўных
вуліцах гораду быў спынены рух транспарту. У некаторых установах сёньня
быў скарочаны працоўны дзень, а каля будынку кансуляту Ўкраіны ў Берасьці
сёньня ўдзень яшчэ рамантавалі пад’яздныя шляхі ды клалі новы асфальт.
Леанід Кучма адразу з аэрапорту накіраваўся ў Брэсцкую крэпасьць, дзе
азнаёміўся з мэмарыяльным комплексам і ўручыў узнагароды мясцовым ветэранам,
што бралі ўдзел у вызваленьні тэрыторыі Ўкраіны пад час Другой усясьветнай
вайны.
Алег Супрунюк, Берасьце
Самае папулярнае
1