Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Расейскі друк шырока камэнтуе вынікі саміту мытнага саюзу, які адбыўся ў Менску. З аглядам публікацыяў у расейскім друку – Юры Дракахруст.

“Российская газета” цытуе словы Ўладзімера Пуціна пра тое, што галоўным вынікам саміту стала рашэньне пра наданьне саюзу статусу міжнароднай арганізацыі. Выданьне прыводзіць таксама заяву прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, што ёсьць намер зрабіць мытны саюз такой жа арганізацыяй, як Эўразьвяз. “Российская газета” адзначае пэўныя дасягненьні саюзу: аб’ём узаемнага гандлю Беларусі ў межах “пяцёркі” павялічыўся за час існаваньня саюзу ў тры разы, Таджыкістану – ў 2 разы, Расеі – напалову, Казахстану – на 27 %.

Але “Российская газета” зьвяртае ўвагу на сур’ёзныя супярэчнасьці, якія існуюць паміж удзельнікамі саюзу. “Лукашэнка і Назарбаеў, – піша газэта, – абвінавацілі Расею ў нежаданьні ратыфікаваць дамову пра зону свабоднага гандлю. На гэта аўтар артыкулу заўважае, што, выстаўляючы падобныя патрабаваньні, кіраўнікі некаторых дзяржаваў мала клапоцяцца пра інтарэсы Расеі, і што, наогул, у адносінах паміж краінамі СНД імкненьне “падаіць суседа” пад сьвятым лёзунгам інтэграцыі назіраецца даволі часта.

“Парламентская газета” лічыць, што прэзыдэнты нібыта здолелі пераканаць Пуціна ў неабходнасьці стварэньня зоны свабоднага гандлю. Праўда ў пацьверджаньне сваёй думкі аўтар “Парламентской газеты” спасылаецца толькі на словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што дасягнутыя дамоўленасьці па ўсіх прынцыповых пытаньнях.

Са словаў Пуціна пра наданьне саюзу новай якасьці, якія цытуе карэспандэнт, можа вынікаць ўсё, што заўгодна, у тым ліку і нічога.
Шэраг расейскіх выданьняў камэнтуюць вынікі мытнага саміту менш ўзьнёсла і нават іранічна.

Аўтар газэты “Время новостей” у артыкуле “Гандаль свабодай” разглядае сустрэчу лідэраў 5-ці краінаў СНД, як асабістую паразу Лукашэнкі. На думку “Времени новостей” Лукашэнка ня здолеў прыпыніць пабудову Масквой мытных бар’ераў на беларуска-расейскай мяжы. “Але галоўная няўдача “бацькі”, – піша газэта, – гэта правал ягоных спробаў націснуць на новага гаспадара Крамля, каб Масква адмяніла практыку спагнаньня падатку на дадатковую вартасьць у краіне адпраўленьня. Менавіта гэта зьяўляецца асноўнай умовай пачатку функцыянаваньня зоны свабоднага гандлю ў СНД . Пуцін адстаяў свае пазыцыі, хаця спадар Лукашэнка атрымаў падтрымку прэзыдэнтаў Назарбаева і Кучмы”, – адзначаецца ў публікацыі “Времени новостей”. Аўтар зьвяртае ўвагу на тое, што напярэдадні саміту пад час сустрэчы з казахскім лідэрам Назарбаевым кіраўнік Беларусі заяўляў, што калі зона свабоднага гандлю не запрацуе, СНД чакае крах. Але пасьля паседжаньня Савету мытнага саюзу Лукашэнка пра гэта ўжо не казаў.

Газэта “Коммерсантъ” знаеміць чытачоў з цікавымі ўмовамі, у якіх прапходзіла сустрэча лідэраў краінаў СНД ў беларускай сталіцы. Карэспандэнт распавядае пра тое, як ў дзень пачатку саміту перарвалася трансляцыя на Беларусь перадачы РТР пра “марафет”, які менскае кіраўніцтва наводзіла ў горадзе напярэдадні саміту.
Надзвычайныя захады бясьпекі, якія ўвялі беларускія ўлады, адзначылі літаральна ўсе расейскія выданьні, нават тыя, якія прыхільна ставяцца і да інтэграцыі, і да Лукашэнкі. Але карэспандэнт газэты “Коммерсантъ” ўзгадвае зусім дзіўны эпізод, як менская міліцыя забараняла расейскім тэлежурналістам здымаць нават адміністрацыйныя будункі.

Што да сутнасьці саміту, то, паводле меркаваньня газэты “Коммерсантъ”, склікаўся ён толькі дзеля прэзэнтацыі сьвежаабранага Пуціна і сьвежапрызначанага Касьянава. “Коммерсантъ” таксама падкрэсьлівае, што Пуцін рашуча адмовіўся задаволіць навязьлівыя просьбы Лукашэнкі пра вызваленьне ўвезеных ў Расею тавараў ад падатку на дабаўленую вартасьць.

Карэспандэнт расейскага бізнэс-выданьня заўважыў, што Пуцін на выніковай прэсавай канфэрэнцыі адмовіўся нават папіць мінэралкі, якую наліў яму Лукашэнка.

Юры Дракахруст

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG