Як ужо паведамлялася, Аляксандар Лукашэнка прызначыў намесьнікам міністра
абароны Ўладзімера Ўсхопчыка. Літва заявіла Беларусі афіцыйны пратэст з
гэтай нагоды і хоча прыцягнуць Ўсхопчыка да суду за ягоную ролю ў падзеях
91-га году.
Нагадаю, што ў студзені 91-га году, савецкія войскі спрабавалі здушыць
незалежніцкі рух ў Літве. Савецкія войскі на бронэтранспартэрах і танках
былі накіраваныя для акупацыі тэлестанцыі ў Вільні. Дэманстранты, згуртаваныя
вакол тэлевежы, не дапускалі нават думкі, што танкі могуць атакаваць няўзброены
натоўп, але яны памыліліся. У выніку 13 чалавек загінулі, і дзесяткі былі
параненыя.
Групай савецкіх войскаў, якая дапусьціла кровапраліцьцё, камандаваў
Уладзімер Усхопчык. Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Літвы ён перасяліўся
ў Беларусь і стаў камандзірам ваеннага корпусу, дыслякаванага ў Бабруйску.
Літоўскі ўрад запатрабаваў экстрадыцыі Ўсхопчыка, каб паставіць яго перад
судом за забойства. Аднак замест гэтага, Аляксандар Лукашэнка прызначыў
Усхопчыка намесьнікам міністра абароны і сказаў, што той можа нават узначаліць
гэтае ведамства.
Гэты крок абурыў Літву, і Вільня заявіла Беларусі афіцыйны пратэст ў
справе Ўсхопчыка. Як заявіў прадстаўнік МЗС Літвы Ігнатавічус:
(Ігнатавічус: ) “Плёткі наконт прызначэньня Ўсхопчыка пашырыліся месяц
таму, і мы ўжо тады камэнтавалі гэта як вельмі непрыязны жэст. Аднак гэта
нічога не дало, і прызначэньне адбылося. Так што, мы паўтараем, што гэта
можа пашкодзіць нашам адносінам”,
- сказаў Ігнатавічус.
Балтыйскія дзяржавы асабліва энэргічна спрабуюць прыцягнуць былых камуністычных
дзеячоў да адказнасьці за забойствы, рэпрэсіі й дэпартацыі. Паводле літоўскага
МЗС, многія зь іх уцяклі ў Расею альбо Беларусь і там уладкаваліся на кіраўнічых
пасадах. Балтыйскія дзяржавы асьцярожна выступаюць з заявамі аб іхнай экстрадыцыі,
баючыся папсаваць адносіны з Масквою.
У выніку, перад судом былі пастаўленыя толькі адзінкі. Некалькі гадоў
таму Літва дамаглася ад Беларусі выдачы двух камуністычных апаратчыкаў
Буракявічуса і Ермалавічуса, якіх абвінаваціла у спробе дзяржаўнага перавароту
у тым жа 91-м годзе. Латвіі удалося прыцягнуць да суду некалькі чалавек,
абвінавачаных у масавых дэпартацыях Латышоў у сталінскія часы і аднаго
прысудзіць да 8-мі гадоў турмы. Некаторых камуністычных дзеячоў паставілі
перад судом таксама ў Эстоніі.
Незважаючы на невялікую колькасьць асуджаных, амаль ва ўсіх былых савецкіх
рэспубліках ёсьць арганізацыі і партыі, якія лічаць камуністычных апаратчыкаў
крымінальнікамі. Яны настойліва прапагандуюць ідэю, што толькі шляхам асуджэньня
камуністычных злачынцаў грамадзтва можа ачысьціцца ад спадчыны камунізму.
12-15 ліпеня ў Вільні адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя пад назовам
“Ацэнка злачынстваў камунізму” з удзелам дэлегатаў з усіх былых камуністычных
краінаў. Арганізатары заяўляюць, што адной з тэмаў канфэрэнцыі будзе супастаўленьне
нацыскіх і камуністычных злачынстваў, і яны спадзяюцца, што з часам у юрыдычным
сэнсе стаўленьне да адных і другіх будзе аднолькавае. Паводле словаў аднае
з арганізатараў Інгрыды Вікюлітэ, паводле ўзору Міжнароднага суду для расьсьледаваньня
ваенных злачынстваў ў былой Югаславіі, дэлегаты абмяркуюць пытаньне ўсталяваньня
Трыбуналу для пакараньня камуністычных злачынстваў.
Кастусь Бандарук, Прага
Самае папулярнае
1