У Менску адбыліся паседжаньні Рады кіраўнікоў урадаў
і Міждзяржаўнае рады краінаў Мытнага хаўрусу, для ўдзелу ў якіх прыбылі
прэзыдэнты Казахстану, Таджыкістану, Кіргізіі ды Расеі.
Найбольш прадстаўнічай аказалася расейская дэлегацыя, якая прыбыла ў
Менск на чатырох урадавых самалётах. У гэтак званым “перадавым самалёце”
за паўтары гадзіны да прыбыцьця Пуціна ў Менск прыляцелі ўзброеныя снайпэры
са службы аховы расейскага прэзыдэнта.
Але й бязь іх за бясьпеку высокіх гасьцей адказваюць шматлікія беларускія
вайскоўцы й міліцыянты, што ачапілі маршруты руху прэзыдэнтаў па трасе
з аэрапорту ў цэнтар Менску. Неаднаразова спыняўся рух транспарту на праспекце
Скарыны, зачынялася станцыя мэтро “Купалаўская”. Усё гэта прынесла значныя
нязручнасьці жыхарам Менску, і асабліва аўтамабілістам.
Што датычыць зьместу перамоваў на паседжаньнях ворганаў Мытнага хаўрусу,
то самымі вострымі тут былі праблемы стварэньня зоны свабоднага гандлю,
уніфікацыі мытных плацяжоў, транспартных тарыфаў, скарыстаньня ў межах
Мытнага хаўрусу ўсясьветнае практыкі абкладаньня падаткам на даданую вартасьць
у месцы спажываньня тавару.
Гэтым навацыям пакуль што актыўна перашкаджае Расея, якой яны проста
нявыгодныя. Як паведаміў прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў, калі, напрыклад,
трэба перавезьці беларускі трактар у Казахстан, дык за правоз тоны грузу
даводзіцца плаціць Расеі ажно 50 даляраў.
Увогуле, у Мытным хаўрусе цяпер шмат рознагалосьсяў: Кіргізія стала
сябрам Усясьветнае гандлёвай арганізацыі, Расея аднавіла мытны кантроль
на мяжы зь Беларусьсю, а ў Казахстане нядаўна ў дыпляматычнай машыне, што
належыць Таджыкістану, была затрыманая вялікая партыя наркотыкаў. Такім
чынам, далей за пажаданьне ставарыць ў межах Мытнага хаўрусу зону сапраўды
вольнага перамяшчэньня тавараў і людзей, справа, як выглядае, ня йдзе.
У прыватнасьці, аніякіх рэвалюцыйных праектаў пагадненьняў на гэты конт
падрыхтавана не было.
Дарэчы, пасьля сустрэчы з Уладзімерам Ярмошыным расейскі прэм’ер Міхал
Касьянаў назваў аднаўленьне расейскіх мытных пастоў на мяжы зь Беларусьсю
“часовым тэхнічным момантам”, які зьяўляецца “часткаю агульнае канцэпцыі
ў далейшай інтэграцыі ў межах Мытнага хаўрусу”.
Міхал Касьянаў таксама паведаміў, што на працягу дзьвюх гадзінаў абмяркоўваў
з Уладзімерам Ярмошыным тэму паскарэньня працэсу гарманізацыі расейскае
і беларускае падаткавых сыстэмаў, уніфікацыі мытных тарыфаў ды іншых элемэнтаў,
адзінства якіх сьведчыць пра тое, што ў Расеі і Беларусь існуюць адзіныя
ўмовы для гаспадараньня й прадпрымальніцтва. Было абвешчана, што на гэты
конт будзе створаны адмысловы плян дзеяньняў.
Уладзімер Ярмошын заявіў, што беларуска-расейскае пагадненьне пра адзіную
падатковую прастору ўжо ўхвалена міністэрствамі фінансаў і будзе падпісанае
за самы кароткі тэрмін.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1