У Менску праходзіць сэсія Парлямэнцкага сходу Хаўрусу
Беларусі й Расеі. У сваім выступе Аляксандар Лукашэнка скардзіўся дэпутатам
на выканаўчую ўладу Расеі і заявіў, што некаторыя тэндэнцыі апошніх шасьці
месяцаў яго насьцярожваюць.
Выкананьнем трох дзяржаўных гімнаў – Расеі, Беларусі й Савецкага Саюзу
– адкрылася 15 сэсія Парлямэнцкага сходу Хаўрусу Беларусі й Расеі. У гэты
ворган, утвораны ў 1996 годзе, цяпер уваходзяць 72 дэпутаты – па 36 ад
кожнае краіны хаўрусу. Тая акалічнасьць, што рашэньні Сходу ня маюць аніякае
заканадаўчае сілы й носяць толькі дарадчы характар, не замінае беларускім
і расейскім дэпутатам сустракацца з трывалай пэрыядычнасьцю.
Падставовым пунктам сёньняшняга парадку дня ёсьць прыняцьцё агульнага
бюджэту хаўрусу. Паказальна, што шматпакутны бюджэт прымаецца ў траўні,
фактычна ў сярэдзіне году. Літаральна да апошніх дзён расейскі ўрад зацягваў
зацьверджаньне лічбаў выдаткаў. Пазыцыя расейскае выканаўчае ўлады й стала
адной з асноўных тэмаў выступу Аляксандра Лукашэнкі.
«У вапошні час у Расеі зьявіліся некаторыя тэндэнцыі, якія насьцярожваюць.
Я баюся, ці не зьяўляецца гэта адыходам ад таго, што мы рабілі разам пяць
гадоў», – адзначыў кіраўнік Беларусі.
Зрэшты, тэма гэтая для Аляксандра Лукашэнкі дастаткова традыцыйная.
Іншая справа, што калі раней, у эпоху Ельцына, кіраўнік Беларусі крытыкаваў
расейскіх чыноўнікаў рэзка й агрэсіўна, то цяпер тон і зьмест ягоных выказваньняў
больш нагадвалі адчайныя скаргі пакрыўджанага чалавека.
Сьпіс прэтэнзіяў да Расеі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі выглядаў даволі
ўнушальна. Па-першае, гэта – адзіная дзяржава СНД, якая не жадае выконваць
дамову пра зону вольнага гандлю. Па-другое, і гэта, бадай, самае галоўнае,
Расея, паводле Лукашэнкі, за апошнія паўгады амаль аднавіла мытную мяжу
паміж дзьвюма краінамі хаўруса. «Навошта вы гэта зрабілі? Чаму вы гэта
зрабілі ў парушэньне нашае мытнае дамовы?», – з болям у голасе пытаўся
ў аўдыторыі Лукашэнка. «Нельга гэтак дзейнічаць», – заявіў ён і паведаміў,
што зараз у Беларусі й Расеі існуе звыш 200 разыходжаньняў у справе мытаў.
Расея таксама зьяўляецца асноўнай прычынаю праблемаў беларускай эканомікі,
паколькі прадае беларусам энэрганосьбіты ў два-тры разы даражэй, чым уласным
спажыўцам. Паказальна, аднак, што, выставіўшы столькі прэтэнзіяў Маскве,
Лукашэнка аніводнага разу не ўзгадаў крытычным словам прэзыдэнта Расеі
Пуціна.
Зразумела, аднак, што ў сваім амаль 1,5-гадзінным выступе Аляксандар
Лукашэнка не абмежаваўся праблемамі стасункаў з Расеяй. Ён зноў заявіў,
што парлямэнцкія выбары будуць праводзіцца толькі паводле мажарытарнае
сыстэмы й выказаў пажаданьне, каб у новага парлямэнту з прэзыдэнтам заставаліся
такія ж самыя дачыненьні, як і зараз. Ён зноў заявіў, што гэтак званае
«пытаньне парушэньня правоў чалавека ў Беларусі» надуманае і разьдзьмутае.
«Няма ў нас гэтых парушэньняў», – заявіў ён.
Традыцыйная порцыя крытыкі была скіраваная на адрэсу Захаду, а менавіта,
Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў зьвязку з прынятай там вядомай рэзалюцыяй
у справе Беларусі. Лукашэнка назваў рэзалюцыю правакацыйнай і заснаванай
на выдумках. Дарэчы, Парлямэнцкі сход мяркуе прыняць заяву, якая асуджае
з гэтае нагоды амэрыканскі Кангрэс.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1