Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Дэніэл Спэкгард заявіў сёньня, што ЗША заўжды выступалі за вольную, дэмакратычную й незалежную Беларусь. Аднак дыплямат лічыць, што Злучаныя Штаты не павінны патрабаваць ад Расеі спыніць фінансавую дапамогу афіцыйнаму Менску, бо такі ціск не прынясе пажаданага плёну.

Гэтыя заявы амбасадар Спэкгард зрабіў сёньня ў часе сустрэчы са студэнтамі факультэту міжнародных стасункаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

На пачатку спатканьня амбасадар ЗША выказаў сваё захапленьне беларускай моладзьдзю, асабліва такой інтэлігентнай і адукаванай, якая вывучае міжнародныя стасункі. Спадар Спэкгард сказаў, што зайздросьціць маладым беларусам, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве сваёй маладое краіны.

Ён таксама пазнаёміў студэнтаў з амэрыканскімі вонкапалітычнымі прыярытэтамі. Паводле словаў спадара Спэкгарда, і перад беларусамі, і перад амэрыканцамі, і перад іншымі народамі стаяць адны й тыя ж задачы – захаваньня глябальнае бясьпекі й прадухіленьня ўзброеных канфліктаў. З гэтае нагоды Дэніэл Спэкгард працытаваў дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлен Олбрайт, на думку якой у міжнародных стасунках галоўным ёсьць стабільнасьць, інтэнсыўнае разьвіцьцё эканомікі й захаваньне каштоўнасьцяў дэмакратыі ды правоў чалавека.

Пасьля амбасадар Злучаных Штатаў адказваў на пытаньні студэнтаў і выкладчыкаў. Прысутных галоўным чынам цікавіла ацэнка спадара Спэкгарда беларуска-амэрыканскіх двухбаковых стасункаў, а таксама адносіны да вайны ў Косаве. Даволі нечаканым быў камэнтар Дэніэла Спэкгарда да прынятай нядаўна рэзалюцыі ў пытаньні Беларусі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

(Спэкгард: ) “Што адбылося пасьля прыняцьця рэзалюцыі – гэта ўздым значэньня беларускага пытаньня ў амэрыканскай палітыцы.

Калі быць шчырым з вамі – найбольшы выклік, які стаіць перада мною, як перад амбасадарам, гэта тое, што ў Вашынгтону часам не хапае разуменьня рэальнае сытуацыі ў Беларусі. Гледзячы зь Беларусі, складваецца ўражаньне, што Злучаныя Штаты толькі тым і займаюцца, што акзваюць прэсынг на вашую краіну. Але гэта ня так. Проста ЗША заклапочаныя тым, што Беларусь ня йдзе да эканамічнае стабільнасьці.

Цяперашні шлях, абраны Беларусьсю, вядзе да таго, што краіна робіцца расейскім пратэктаратам. Злучаныя Штаты лічаць, што гэты шлях не ў інтарэсах Беларусі. Беларусь мусіць мець нармалёвую эканоміку, быць незалежнай і дэмакратычнай дзяржаваю” – паведаміў спадар Спэкгард.

Дыплямат высказаў засьцярогу адносна таго, што пад выглядам інтэграцыі з Расеяй Беларусь можа стаць разьменнай манэтаю ў больш буйной гульні.

Разам з тым амбасадар ЗША адзначыў, што ў рэзалюцыі кангрэсмэнаў быў, на ягоную думку, і правакацыйны момант. Дэніэл Спэкгард лічыць, што ня варта аказваць ціск на Расею, каб тая спыніла фінансавую дапамогу Менску. Амбасадар кажа, што такая тактыка наўрад ці будзе мець посьпех, паколькі падтрымка Масквою Беларусі ёсьць адным з галоўных прыярытэтаў ейнае вонкавае палітыкі. Большы плён у кірунку дэмакратызацыі палітычнае сыстэмы Беларусі, на думку дыплямата, можа даць праца па лініі АБСЭ.

Дэніэл Спэкгард таксама паведаміў, што быў расчараваны тым, што Беларусь разам з Расеяй зьбіраюцца ствараць 300-тысячную вайсковую групоўку. На ягоны погляд, гэтае рашэньне было прынятае, зыходзячы з састарэлых канцэпцыяў адносна таго, што ўяўляе пагрозу бясьпецы Беларусі.

На думку спадара Спэкгарда, пагроза для Беларусі сыходзіць не з боку заходніх дзяржаваў – яна заключаецца ў росьце злачыннасьці, а таксама ў іншых нутрыбеларускіх фактарах.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG