Наваполацак за савецкім часам быў адметны тым, што ў ім адсутнічалі
дзьве асноватворныя рэчы – помнік правадыру і гарадзкі герб. І хаця за
апошняе дзесяцігодзьдзе мастакі стварылі ці мала праектаў такога герба,
тым ня менш сваёй сымболікі горад вялікай хіміі і не прыдбаў. І вось днямі
гэта здарылася.
Пра тое, ці трэба прыдумляць штосьці новае, ці трэба ўзяць за аснову
старажытны полацкі герб з выяваю карабліка на дзьвінскіх хвалях, адназначнай
думкі няма. Многія лічаць, што Новаму Полацку няварта адасабляцца ад Полацку
старога, пагатоў яшчэ чатыры гады таму гарады зьбіраліся аб’ядноўваць і
з гэтай мэтай нават спрабавалі правесьці апытаньне грамадзянаў.
Інтэграцыйны імпэт аднак суняўся, і вось днямі мастацкая рада зацьвердзіла
канцэпцыю гарадскога герба, прапанаваную мастаком Віктарам Лук’яненкам.
Прапанаваны герб уяўляе сабою шчыт з двума палямі: сінім у гары і блакітным
на доле. На сіняй аснове, дзе месьцяцца сем залатых зорачак – па колькасьці
вёсак, што праглынуў Наваполацак за часамі свайго будаўніцтва, а на полі
блакітным, якое сымбалізуе Дзьвіну, месьціцца выява белага гарлачыка –
сымболю міру і дабрабыту.
Мастак, як бачым, адыйшоў ад савецкай традыцыі выўляць на гербах рознага
кшталту індустрыяльнае прычындальле і выканаў праект у эўрапейскай традыцыі,
пагатоў залатыя зорачкі на сінім фоне – гэта ня што іншае, як фрагмэнт
сьцягу Эўразьвязу.
Аднак Полацак з Наваполацкам, і ў гэтым няма ніякага сумневу, у хуткім
часе мусяць аб’яднацца, і за герб аб’яднанага гораду – і ў гэтым таксама
няма сумневу – будзе абрана выява карабліка, які прыплыў да нас з мінулых
стагодзьдзяў.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Самае папулярнае
1