Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Горадні скончыўся суд над трыма дзяўчынамі, якія падраблялі ў пашпартох штамп, што дазвяляе выезд у замежныя краіны. Выкрылі падробкі памежнікі ў Брузгах, на беларуска-польскай мяжы.

Усе тры дзяўчыны атрымалі тэрміны зьняволеньня ўмоўна. Пачуўшы прысуд, адна зь іх расплакалася.

Справа разглядалася ў Кастрычніцкім судзе гораду. Сьціслы зьмест яе такі: студэнтка, якая вывучала правазнаўства ў Гарадзенскім унівэрсытэце, Ірына Дзядко, трапіла на практыку ў аддзел візаў і рэгістрацыяў, пасьля чаго яна вырашыла, што можна палепшыць жыцьцё землякам. Каб яны не стаялі ў чэргах у АВІРы з мэтаю атрымаць у пашпарце дазвольны штамп для выезду за мяжу. На гэтай справе можна падзарабіць, вырашыла дзяўчына.

Ірына зьвярнулася да сваёй былой аднаклясніцы, Вольгі Вавулы. Абедзьве яны з 1979 года нараджэньня. Яны знайшлі дзе вырабіць падробны штэмпель, які, між іншым, тэхнічна выкананы даволі элемэнтарна. Затым дзяўчыны прыцягнулі да ўдзелу Алу Тарумаву, 1981 года нараджэньня, і пачалі браць заказы. Каштавала паслуга пятнаццаць даляраў.

Пакуль была выкрытая падпольная фірма, адзін з кліентаў, напрыклад, здолеў з падробным штампам зьездзіць у Польшчу шэсьць разоў. Цікава, што з паслугаў гэтага прыватнага АВІРу скарыстаў яшчэ адзін будучы юрыст, аднакурсьнік Ірыны Дзядко. “Як жа так?” – зьдзівіўся судзьдзя Аляксандар Седзько. – “Няўжо вы не праходзілі крымінальнае права, ня ведалі пра адказнасьць, якая пагражае за падобныя злачынствы?”

Адвакаты прасілі пакараць падсудных штрафам, аднак нормамі старога савецкага крымінальнага права, якія дзейнічаюць дагэтуль, за падобныя ўчынкі прадугледжаны папраўчыя работы або зьняволеньне, патлумачыў судьдзя. У выніку за пасобніцтва ў наўмысным перасячэньні мяжы, ды і за падробку дакумэнтаў дзяўчыны атрымалі ўмоўныя тэрміны. Самы большы – два з паловай гады, самы меншы – паўтара года.

У гэтай гісторыі застаецца адно пытаньне: пытаньне аб самой патрэбе падобнага штампу ў пашпарце, безь якога грамадзяне Беларусі не маюць права пакінуць яе межы. Я зьвярнуўся ў абласны АВІР пацікавіцца, ці існуе такі парадак выезду за мяжу, як у нас, у суседніх краінах. Мне адказалі, што не існуе – паўсюды ўжываецца агульнапрынятая ў сьвеце практыка. Выезд за мяжу магчымы без абмежаваньняў, пакуль ваш пашпарт зьяўляецца сапраўдным. Ніякага спэцыяльнага штампу мець ня трэба. Чаму ж у нас так? “Самі разумееце”, – сказалі мне, – “У новым пашпарце такі штамп ставіцца адразу на пяць гадоў. За кожны год трэба заплаціць адзін мінімальны заробак. У выніку атрымліваецца трынаццаць тысячаў рублёў. Разумееце, гэта дзяржаўная пошліна, грошы паступаюць у казну, даюць някепскі прыбытак дзяржаве”.

Так патлумачылі мне ў АВІРы.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG