Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У цэнтры чарговага беларуска-расейскага скандалу апынулася вядомая сталічная газэта рэклямных аб’яваў “Из рук в руки”. У Вярхоўным судзе краіны сёньня распачаўся разгляд справы, зьвязанай з барацьбою за права выкарыстаньня ейнага таварнага знаку.

Ініцыявала судовы працэс расейская фірма “Пронто-Москва”. Ейнае кіраўніцтва зьвярнулася ў Вярхоўны суд Беларусі, каб аспрэчыць рашэньне Дзяржаўнага патэнтавага камітэту. Гэты камітэт, на думку расейцаў, даў неабгрунтаваны дазвол на выкарыстаньне таварнага знаку “Из рук в руки” беларускаму прадпрыемству з замежнымі інвэстыцыямі “Сапка-Бел”.

Вынікам такога дазволу сталася выданьне на тэрыторыі Беларусі газэты, бізнэс-праект якой, паводле аўтараў скаргі, распрацаваны маскоўскімі прадпрыймальнікамі, і таму належыць ім на правох інтэлектуальнае ўласнасьці.

Расейцы патлумачылі Вярхоўнаму суду, што іхны таварны знак “Из рук в руки” выкарыстоўваецца ва ўсіх краінах СНД. І Беларусь, маўляў, адзіная дзяржава, дзе нібыта гэтая інтэлектуальная ўласнасьць была скрадзеная.

Першае паседжаньне суду было шматлюдным. На працэсе прысутнічала шмат сяброў Беларускай асацыяцыі патэнтавых павераных – грамадзкай арганізацыі, што займаецца пытаньнямі абароны інтэлектуальнае ўласнасьці. Да аднаго зь іх я і зьвярнуўся з просьбаю пракамэнтаваць сёньняшні працэс:

(Самцоў: ) “У судовым парадку ў гэта першая справа ў Беларусі, гэта – прэцэдэнат”.

(Карэспандэнт: ) “У гэтай справе ёсьць нейкія нацыянальныя інтарэсы?”

(Самцоў: ) “Вядома, ёсьць. Па меры таго, як наш бізнэс будзе мацнець, такіх справаў будзе больш. Беларускія бізнэсоўцы павінны памятаць, што ў нас ёсьць патэнтныя павераныя, якія могуць займацца абаронай іх правоў што да гандлёвых марак і знакаў. Гэта вялікая каштоўнасьць. Напрыклад, Макдональдс – вельмі дарагі таварны знак”.

(Карэспандэнт: ) “На Вашую думку, колькі каштуе таварны знак “З рук у рукі?”

(Самцоў: ) “Складана сказаць, але ён будзе каштаваць мілёны даляраў”.

– сказаў сябра Беларускай асацыяцыі патэнтавых павераных Валеры Самцоў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG