Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ускладаньнем кветак да помнікаў воінам на Вайсковых могілках у Менску адзначылі сёньня дзень заканчэньня Другое ўсясьветнае вайны ў Эўропе прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Незадоўга перад пачаткам гэтае цырымоніі невядомыя асобы ў цывільным спрабавалі затрымаць лідэра сацыял-дэмакратычнае “Народнае Грамады” Міколу Статкевіча.

Сёньня ўраніцу каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў Сацыял-дэмакратычнае партыі ды Партыі БНФ сабраліся на Вайсковых могілках, дзе пахаваныя палеглыя ў вайне салдаты, каб ушанаваць іхную памяць.

Першым да могілак прыехаў старшыня БСДП Мікола Статкевіч. Там ужо дзяжурыў міліцэйскі патруль. Статкевіч накіраваўся ў краму, каб купіць кветак. Паводле ягоных словаў, сьледам за ім накіравалася нейкая машына зь цёмнымі шыбамі. Гэтае аўто езьдзіла за лідэрам сацыял-дэмакратаў увесь час, пакуль спадар Статкевіч выбіраў і набываў кветкі.

Вяртаючыся да могілак, Мікола Статкевіч сустрэў групу фронтаўскіх актывістаў. І тут раптам з машыны сачэньня выскачылі некалькі чалавек і кінуліся да апазыцыянэраў. Але, паколькі людзі не рабілі анічога крамольнага, невядомыя ў цывільным спыніліся ў разгубленасьці – відаць, думалі, да чаго б прычапіцца.

Нарэшце адзін з нападнікаў, махнуўшы нейкім пасьведчаньнем, загадаў актывісту БНФ паказаць газэты, якія той трымаў у руках. Пасьля ўся група цывільных села ў машыну й зьнікла.

На думку Міколы Статкевіча, калі б не такая вялікая колькасьць сьведак, невядомыя абавязкова б яго затрымалі. Вось як патлумачыў лідэр “Народнае Грамады” прычыны такіх неадэкватных паводзінаў гэтае групы сачэньня:

(Статкевіч: ) “Псыхоз. Ва ўлады нейкі псыхоз. Вельмі баяцца. Баяцца, каб нічога ня здарылася ў горадзе на 8-9 траўня. І я адчуваю за сабой пільны кантроль, імкнуся не заставацца адзін, але сёньня сьвята, я думаў, што на сьвята ня можа нічога такога здарыцца. Схадзіў за кветкамі – навука”, – лічыць спадар Статкевіч.

Неўзабаве пасьля гэтага інцыдэнту прадстаўнікі апазыцыйных партыяў сталі калёнаю і скіраваліся да вайсковых магілаў. Там яны ўсклалі кветкі да помнікаў, запалілі сьвечкі ды ўшанавалі памяць палеглых хвілінаю маўчаньня.

Такія ўрачыстасьці 8 траўня, у дзень, калі ў Эўропе скончылася ўсясьветная вайна, сталі для беларускіх апазыцыянэраў ужо традыцыйнымі. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэта нашая традыцыя – менавіта ў гэты дзень скончылася вайна ў Эўропе. Апрача таго, гэты дзень вольны ад апафэозу, ад штучнасьці і пампезнасьці. На нашай зямлі палеглых успамінаюць ня так, без гэтых няшчырых прамоваў і цырыманіялаў. У нас ідуць да магілаў. Гэта нашая традыцыя з 92 года, кладзем кветкі, ставім сьвечкі, маўчым…” – паведаміў спадар Статкевіч.

Паводле рашэньня Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў, прадстаўнікі апазыцыі будуць удзельнічаць ва ўрачыстасьцях з нагоды дня Перамогі й заўтра. Апоўдні 9 траўня апазыцыянэры ўскладуць кветкі да мэмарыялу “Яма” на месцы зьнішчэньня гэбрайскага гэта. А 14:30 падобная цырымонія з удзелам дэмакратаў пройдзе на пляцы Перамогі. А 15 гадзінаў яны будуць усладаць кветкі да курапацкага крыжа, а 18 гадзінаў да памятнага знаку палеглым удзельнікам менскага падпольля ў сквэры каля Купалаўскага тэатру.

А сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ правадзіць акцыі з нагоды дня Перамогі адмовіліся. Гарадзкія ўлады не дазволілі актывістам гэтае партыі правадзіць сёньня ў Купалаўскім сквэры сьвяточны мітынг (ім дазволілі мітынгаваць на пляцы Бангалёр). Кіраўніцтва партыі лічыць, што сьвяткаваньне дня Перамогі над фашызмам на балоце й месцы выгулу сабак ёсьць зьнявагаю чалавечага гонару й памяці палеглых у вайне.

Тым часам самі ўлады адзначаюць дзень Перамогі надзвычай шырока й пампезна. Сёлета дзень Перамогі й дзень гораду ў Менску аб’яднаныя ў вадно сьвята. Сёньня на працягу дня быў цалкам спынены рух транспарту на праспэкце Скарыны ад пляцу Перамогі да пляцу Незалежнасьці. Там адбываюцца розныя канцэрты, выставы ды іншыя культурныя імпрэзы. Сьвяткаваньне будзе працягвацца і ўвесь заўтрашні дзень.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG