Пасьля афіцыйных папярэджаньняў дзьвюм расейскім газэтам – “Коммерсантъ”
і “Новая газета” за публікацыю інтэрвію з чачэнскім прэзыдэнтам Асланам
Масхадавым, расейскія пракуроры цяпер гавораць пра тое, што хочуць задаць
пытаньне журналістам, якія гэтыя інтээрвію зрабілі.
Пракуроры заявілі, што плянуюць дапрасіць карэспандэнтаў “Камэрсанту”
і “Новай газэты”. Судовыя абвінаваўцы абвесьцілі гэта на мінулым тыдні,
4-га траўня пасьля таго, як расейскае міністэрства сродкаў масавай інфармацыі
афіцыйна папярэдзіла выданьні за зьмяшчэньне інтэрвію з Асланам Масхадавым.
Кіраўнік Галоўнай пракуратуры Паўночнага Каўказу Юры Бірукоў заявіў, што
рэпарцёр “Камэрсанту” Муса Муратаў і журналіст “Новай газэты” Віктар Папковіч
будуць дапытаныя. Ён паведаміў, што фармальны допыт будзе праводзіцца як
частка бягучай крымінальнай справы супраць Масхадава. Чачэнскі лідар, нагадаю,
абвінавачваецца ў арганізацыў узброенага паўстаньня.
Перад сакавіцкімі прэзыдэнцкімі выбарамі Міністэрства друку абвесьціла,
што любыя інтэрвію з чачэнскімі лідарамі, якія зьявяцца ў расейскіх ці
замежных смі, якія дзейнічаюць на расейскай тэрыторыі, як парушэньні Закону
аб тэрарызьме. Масква пастаянна адказнасьць за вайну ў Чачні накладае на
тых, каго яна называе бандытамі і тэрарыстамі. Намесьнік міністра сродкаў
масавай інфармацыі Міхаіл Сеславінскі пазьней патлумачыў гэтую забарону
і заявіў, што расейскія журналісты могуць сустракацца з чачэнскімі лідарамі
і браць інтэрвію, але не распаўсюджваць матар’ялы, якія б “апраўдвалі”
тэрарыстаў ці “спрычыняюцца” да тэрарыстычных дзеяньняў.
Расейскія маніторынгавыя групы крытыкуюць гэтую сытуацыю і іншыя крокі
Міністэрства сродкаў масавай інфармацыі ад пачатку яго заснаваньня ў мінулым
годзе. Робэрт Колсэн – праграмы дырэктар няўрадавай арганізацыі Нацыянальнага
інстытуту прэсы, сядзіба якога ў СанктПецярбургу і які падтрымоўвае незалежную
прэсу заявіў, што Міністэрства дзейнічае прадузята і выбарачна і пазбаўляе
журналістаў права працаваць прафэсыйна. Працягвае Робэрт Колсэн:
“Любімы спосаб Міністэрства сродкаў масавай інфармацыі ў дачыненьнях
з прэсай – гэта сыстэма папярэджаньняў. Гэтая сыстэма дзейнічала і пад
час прэзыдэнцкіх выбараў. Замест таго, каб выкарыстоўваць легальную сыстэму
прэцэдэнтаў, Міністэрства ўжывае папярэджаньні. Закон, які кантралюе так
званых тэрарыстаў ці забараняе браць інтэрвію з так званымі тэрарыстамі
і іх распаўсюджваць – гэты закон вельмі цьмяны, напісаны невыразна і наўмысна.
У сапраўднасьці гэта не закон, а дэкрэт”.
Паводле дырэктара Нацыянальнага інстытуту прэсы Колсэна, пастанова Міністэртва
два месяцы назад – выдаць папярэджаньні – гэта была частка кампаніі запалохваньня
сродкаў масавай інфармацыі, якія асьвятлялі чачэнскую вайны не ў адпаведнасьці
з крамлёўскай лініяй. Робэрт Колсан заявіў, што дзеяньні супраць “Камэрсанту”
і “Новай газэты” маюць тую ж мэту:
“Сапраўдны эфэкт папярэджаньняў – і гэты ў асноўным бюракратычны перасьлед
– паказаць іншым выданьням, што й супраць іх могуць быць выкарыстаныя такія
захады ў любы час. Менш моцныя выданьні вельмі гнуткія ў падобных сытуацыях.
Што вядзе да самацэнзуры”.
Гаварыў праграмны дырэктар Нацыянальнага інстытуту прэсы Робэрт Колсэн.
Вольга Караткевіч
Самае папулярнае
1