Зь сёньняшняга дня чарговы раз падвышаныя кошты на вадкае паліва.
Адначасова адмененыя палёгкі ў цэнах для сельскіх спажыўцоў.
Кошты на бэнзын і дызэльнае паліва падвысіліся прыблізна на 10-12 адсоткаў.
Так, літар 76-га бэнзыну будзе каштаваць 222 рублі, 92-га – 348 рублёў,
95-га – 410, дызэльнага паліва – 209 рублёў. Яшчэ даражэйшым паліва будзе
на магістралі Берасьце – мяжа РФ.
Гэтае падвышэньне значна адаб’ецца на бюджэце аўтааматараў. Гэтак, поўны
бак бэнзыну аўтамабіля сярэдняе клясы будзе каштаваць на дзьве тысячы рублёў
даражэй, чым раней.
А адмена паніжаных тарыфаў для сельскагаспадарчых спажыўцоў выкліча
незадаволенасьць сельскіх вытворцаў. Але такія захады неабходныя. Сельская
гаспадарка атрымлівае шмат разнастайных палёгкаў, але вынікі ейнае працы
ад гэтага зусім не паляпшаюцца.
У размове з карэспандэнтам “Свабоды” сытуацыю пракамэнтаваў заступнік
кіраўніка Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар
Сасноў. Ён заявіў: “Мне падаецца, што асноўная прычына падвышэньня коштаў
у тым, што Беларусі няма чым плаціць суседняй дзяржаве за энэрганосьбіты.
Урад адназначна зарыентаваўся на расейскія энэрганосьбіты, замест таго,
каб дывэрсіфікаваць крыніцы энэргіі. Цяпер у Беларусі вялікая запазычанасьць,
а даўгі трэба плаціць. На мой погляд, падвышэньне коштаў выклікана менавіта
тым, што ў дзяржавы не хапае грошай, каб аплаціць запазычанасьць. Таму
яна адбірае грошы ў тых, хто яшчэ нешта зарабляе”.
Аляксандар Сасноў лічыць таксама, што галоўная памылка была зробленая
беларускім урадам значна раней. Паводле меркаваньня спадара Саснова, “анічога
добрага, але й нічога дрэннага ў падвышэньні коштаў няма. Трэба было раней
ісьці на лібэралізацыю цэнаў на паліва. Гэта й сёньня не запозна. Цэны
– гэта толькі тэмпэратура на градусьніку. І трэба не тэмпэратуру зьбіваць,
а лячыць хваробу”.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1