Сёньня ў Бабруйску прайшла дэманстрацыя працоўных. Гэта звычайная зьява
для гэтага гораду, дзе, у адрозьненьне ад больш сьціплых мерапрыемстваў
у абласным цэнтры, уладамі традыцыйна шырока сьвяткуюцца ўсе савецкія даты.
Гэтак адбываецца не ў апошняю чаргу дзякуючы камуністычным перакананьням
мэра Бабруйску. Праўда сёньня, у адрозьненьне ад Магілеву, дзе на першамайскім
мітынгу было затрымана 13 актывістаў дэмакратычных арганізацыяў, у Бабруйску
ўсё адбылося без умяшальніцтва міліцыянтаў.
Напярэдадні першага траўня горад быў упрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі
і стужкамі, таму камунальным службам выпала шмат папрацаваць, каб выканаць
загад Бабруйскіх уладаў зьнішчыць нацыянальную сымболіку. Але ўсё ж некаторыя
з бел-чырвона-белых упрыгожаньняў на вуліцах засталіся.
Паводле паведамленьня кіраўніка Бабруйскага інфармацыйнага цэнтру Тацьцяны
Копец прадстаўнікі мясцовай дэмакратычнай апазыцыі адзначылі сьвята працы
ўручэньнем кіраўніцтву горада пакету эканамічных патрабаваньняў у выглядзе
плякатаў: “Патрабуем мінімальны заробак у сто пяцьдзесят тысячаў рублёў”,
“Годнага чалавека мэдычнага абслугоўваньня”, “Усясьветным Бабруйскім цэнам
– усясьветны заробак”, “Пэнсіянерам – годныя пэнсіі”. І патрабаваньні па
бабруйскіх праблемах – пуску тралейбусаў у шосты мікрараён, паліклінікі
ў пятым мікрараёне, пуску і засяленьня мікрараёна “Заходні”, асьвятленьне
й асфальтаваньне прыватнага сэктару гораду.
З гэтымі плякатамі дэмакраты выйшлі на плошчу Леніна у складзе калёны,
аддзяліліся й пайшлі да трыбуны, далі бабруйскаму кіраўніцтву час прачытаць
патрабаваньні, павіншавалі са сьвятам працы й Вялікднем.
Потым Вячаслаў Свізуноў, дырэктар Бабруйскага рэгіянальнага інфармацыйна-прававога
цэнтру сабраў плякаты і перадаў іх старшыні гарвыканкаму Ўладзімеру Раманоўскаму.
Той іх спачатку ўзяў, а потым з сілай і злосьцю, як сьцвярджаюць сьведкі
здарэньня, шпульнуў іх у галаву спадару Сьвізунову ды прычыніў яму траўму.
Але выканаўцы акцыі сыходзілі з плошчы пад аплядысмэнты прысутных, а
вось кіраўніцтва гораду Бабруйску і міліцыянты засталіся ў разгубленасьці.
Марыя Усьціновіч, Магілеўская вобласьць
Самае папулярнае
1