Стала вядома, што дэлегацыя “тройкі” АБСЭ, нягледзячы на падзеі
25 сакавіка, усё ж у пачатку красавіка наведае Беларусь. Візыт будзе нядоўгім
– працягнецца ўсяго паўтары дні.
Да сёньняшняга дня было невядома – ці прыбудзе “тройка” АБСЭ ў Менск
2 красавіка, як было заплянавана раней, або гвалт уладаў над дэманстрантамі
й журналістамі ў Дзень Волі зьменіць гэтыя пляны. Сёньня кіраўніцтва АБСЭ
вырашала не адкладваць візыт. Але ён будзе кароткім.
Міжнародныя чыноўнікі прыляцяць у сталіцу Беларусі ўвечары 2 красавіка.
А ўжо ў другой палове дня 4 красавіка адлятаюць назад у Вену.
Менск наведаюць прадстаўнікі выканаўчых структураў АБСЭ – супрацоўнікі
вонкапалітычных ведамстваў Аўстрыі, якая старшынюе ў АБСЭ, ейнай папярэдніцы
Нарвэгіі і Румыніі, якая будзе кіраваць у АБСЭ ў 2001 годзе.
Папярэдняя праграма знаходжаньня “тройкі” ў Менску ўжо распрацаваная.
І тут адразу кідаецца ў вочы, што ў ёй ня прадугледжаныя сустрэчы з вышэйшым
кіраўніцтвам Беларусі. Самая высокая паводле службовага статусу асоба,
зь якой маюць намер гутарыць міжнародныя чыноўнікі, – гэта першы намесьнік
кіраўніка адміністрацыі “прэзыдэнта” Ўладзімер Русакевіч. Ды й склад эўрапейскага
дэсанту таксама ня вельмі высокі – на роўні сярэдняга вязьма.
Новая “тройка” менш прадстаўнічая, чым папярэдняя, якая наведвала Беларусь
месяц таму і ў склад якой уваходзілі супрацоўнікі трох міжнародных арганізацыяў
– Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы й АБСЭ, а таксама Эўрапарлямэнту.
Аднак галоўныя функцыі і задачы дзьвюх місіяў фактычна аднолькавыя – гэта
спроба наладзіць перамовы паміж афіцыйнымі ўладамі й палітычнай апазыцыяй,
якія б прывялі да дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.
У цяперашняй “тройкі” АБСЭ становішча больш складанае, чым у ейнай папярэдніцы.
Гвалтоўны разгон дэманстрацыі 25 сакавіка, на думку Кансультацыйнае рады
апазыцыйных палітычных партыяў, зрабіў немагчымым правядзеньне парлямэнцкіх
выбараў гэтай восеньню. І міжнародным чыноўнікам давядзецца ўлічваць гэтую
пазыцыю.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1