Правядзеньне дэмакратычных выбараў у Беларусі гэтай восеньню пасьля
падзеяў 25 сакавіка робіцца абсалютна немагчымым. Да такое высновы адзінагалосна
прыйшлі ўдзельнікі паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных
партыяў, якое адбылося сёньня ў Менску.
Сёньняшьняе паседжаньне было адным зь нямногіх, на якім думкі ўсіх ягоных
удзельнікаў фактычна супалі. Усе, нават прадстаўнікі Партыі камуністаў
Беларускай, сябры якой ігнаруюць сьвята 25 сакавіка, пагадзіліся з тым,
што забарона на правядзеньне ў гэты дзень у некаторых гарадох шэсьцяў і
мітынгаў зьяўляецца наўпроставым парушэньнем ня толькі міжнародных абавязкаў
у справе выкананьня правоў чалавека, узятых на сябе Рэспублікаю Беларусь,
але й беларускага заканадаўства, якое не дае мясцовым уладам права адвольна
забараняць акцыю, або мяняць ейны від.
Прадстаўнікі кожнае партыі прызналі й беспрэцэдэнтны характар гвалту
над удзельнікамі мірнай акцыі на вуліцах Менску. Усе пагадзіліся, што цынічная
расправа над мірнымі грамадзянамі ў Менску напярэдадні гэтак званага “шырокага
дыялёгу” недвухсэнсоўна засьведчыла як беларускаму грамадзтву, гэтак і
міжнароднай супольнасьці, што рэжым Лукашэнкі не зьбіраецца ані стварыць
у грамадзтве клімат даверу, ані йсьці на перамовы пра мірны пераход да
дэмакратыі. Адсюль і галоўная выснова заявы, якую адзінагалосна прынялі
прадстаўнікі палітычных партыяў – правядзеньне дэмакратычных выбараў гэтай
восеньню ў такой сытуацыі немагчымае.
Вось як камэнтуе гэтую выснову Вінцук Вячорка, які старшыняваў на сёньняшнім
паседжаньні:
(Вячорка: ) “Ёсьць важны сказ у канчатковай заяве, дзе пераказваюцца
падзеі, іх храналёгія, падкрэсьліваюцца гранічна мірныя памкненьні заяўнікаў
акцыі 25 сакавіка. Дык вось ёсьць ключавы сказ, які сьцьвярджае, што правядзеньне
дэмакратычных выбараў у такой сытуацыі немагчымае. Вельмі важна, што гэты
сказ гучыць зараз, бо цяпер абсалютна ясна (на ўчорашнім паседжаньні Каардынацыйнай
рады дэмакратычных сілаў было падкерэсьлена гэта), што часу наладзіць дэмакратычныя
выбары ў дэмакратычнай атмасфэры паводле дэмакратычнай працэдуры ўвосень
– ужо няма”.
Кансультацыйная рада запатрабавала ад уладаў стварэньня камісіі дзеля
расьледваньня падзеяў 25 сакавіка з удзелам грамадзкасьці й прадстаўнікоў
апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама прыцягненьня да адказнасьці ўсіх
вінаватых у парушэньні закону й расправах над мірнымі грамадзянамі, у тым
ліку міністра нутраных справаў Сівакова, былога й цяперашняга старшыняў
Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ярмошына й Паўлава.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1