Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 26 сакавіка)
Лідэры БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі лічаць, што сваімі ўчорашнімі дзеяньнямі ў разгоне мірнае дэманстрацыі ў Менску, улады канчаткова зьнішчылі ілюзіі адносна правядзеньня ў Беларусі гэтак званага грамадзкага дыялёгу й дэмакратычных выбараў. Паводле словаў паплечнікаў спадара Вячоркі, рэпрэсіі ўладаў у Менску 25 сакавіка не перашкодзяць апазыцыі на належным узроўні правесьці наступныя акцыі беларускае палітычнае “Вясны-2000”.

Сёньня лідэры БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі падводзілі вынікі ўчорашняга сьвяткаваньня 82-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі.

Паводле словаў самога кіраўніка гэтае часткі Фронту, ён і ягоныя калегі хацелі 25 Сакавіка зрабіць шчыры падарунак усяму беларускаму народу, ды зладзіць у Менску і яшчэ ў 20-ці гарадох краіны годнае цывілізаванае сьвята. Аднак, на думку спадара Вячоркі, улады аніяк не маглі дазволіць зарганізаваць у беларускай сталіцы нармальнае сьвята Незалежнасьці.

Вінцук Вячорка паведаміў, што арганізатары рабілі ўсё магчымае, каб Дзень Волі прайшоў годна й спакойна, але ўлады мелі ў гэты дзень зусім іншыя пляны. Паплечнікі спадара Вячоркі лічаць, што Лукашэнку трэба было прадэманстраваць 25 сакавіка ўсю моц рэжыму, і дзеля гэтага ў Менск былі ўведзеныя войскі, бранемашыны, вадамёты ды іншая спэцтэхніка.

Адказнасьць за ўчорашняе праліцьцё крыві на менскіх вуліцах і за масавыя затрыманьні мірных грамадзянаў, прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі ўскладаюць асабіста на Аляксандра Лукашэнку й міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова. Вось, што заявіў сёньня адносна будучыні гэтак званага дыялёгу й узаемных стасункаў апазыці і ўладаў Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Відавочна, учора павінны былі ва ўсіх апошнія ілюзіі наконт длыялёгаў і дэмакратычных выбараў закончыцца. Усе яны і закончыліся. Што і як цяпер будзе выкарыстоўваць рэжым, якую дэмагогію – мы ня ведаем. Але мы ведаем, што праўда за намі, што Вясна-2000 працягваецца, што 26 красавіка, у дзень, калі ўсе беларусы адчуваюць, наколькі крытычным стала само нашае існаваньне на гэтым зямным шары, мы зноў выйдзем на нашыя вуліцы, і ніякі рэжым ня будзе здольны спынеіць нас у гэтым”.

Вінцук Вячорка таксама гаворыць, што кіраўніцтва ягонае партыі ўжо зрабіла высновы з новае тактыкі, скарыстанае ўчора супраць дэманстрантаў вайсковымі спэцаддзеламі, і апазыцыянэры будуць намагацца не дапусьціць правядзеньня падобных зачыстак тэрыторыі ў часе будучых акцыяў.

На думку паплечнікаў спадара Вячоркі, даволі жорстка на паводзіны беларускіх уладаў мусіць адрэагаваць АБСЭ, чый супрацоўнік Крыстафэр Паніка быў учора затрыманы, ды іншыя міжнародныя арганізацыі.

Заяву ў падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі даслалі кіраўнікі парлямэнтаў краінаў Цэнтральнай Эўропы (Альбаніі, Аўстрыі, Босніі й Гэрцэгавіны, Грэцыі, Чэхіі, Вугоршчыны, Італіі, Македоніі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Славакіі ды Ўкраіны), якія сабраліся на сваю канфэрэнцыю ў Варшаве.

Тым часам, на думку Вячоркі, учорашнія трагічныя падзеі ў Менску былі выкарыстаныя кіраўніцтвам Расеі дзеля ўзьняцьця перадвыбарчага рэйтынгу Ўладзімера Пуціна.

А супрацоўніца праваабарончай арганізацыі “Вясна” Паліна Сьцепаненка лічыць, што толькі цудам учора ўдалося пазьбегнуць вялікіх ахвяраў у падземным пераходзе на пляцы Якуба Коласа, куды спэцаддзелы загналі вялікую колькасьць людзей і пакінулі вольным толькі адзін выхад.

Аднак нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, лідэры БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі лічаць, што адсьвяткаваць Дзень Незалежнасьці ўсё ж такі ўдалося, бо акрамя Менску сьвяточныя акцыі ўчора адбыліся яшчэ ў 20-ці гарадох краіны.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG