Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Рэчыцы быў вынесены прысуд сябру тутэйшай арганізацыі “Сьведкі Еговы” Валянціну Гулаю. За адмову служыць у войску Рэчыцкі гарадзкі суд засудзіў яго на паўтары гады папраўчых працаў.

Перад уваходам у залю судовых паседжаньняў у Рэчыцы, дзе праходзілі слуханьні справы Валянціна Гулая, людзей, што прыйшлі падтрымаць падсуднага, сустрэў міліцыянт. Ён паведаміў, што ў судовую залю будуць дапушчаныя толькі 20 з 60 сябраў мясцовай рэлігійнай суполкі “Сьведкі Еговы” і сябраў рэчыцкіх гарадзкіх і раённых суполак грамадзкіх арганізацыяў і партыяў.

Бацька Валянціна Гулая Васіль Максімавіч запытаўся, хто даў такі загад, бо ў залі значна больш месцаў. Адказ быў – так распарадзілася судзьдзя. Судзьдзя Сьвятлана Шурпо спасылалася на тое, што якраз міліцыянты лепш ведаюць ёмістасьць залі.

У рэшце рэшт дазвол увайсьці атрымала 40 чалавек. Кожнага зь іх абшукалі і праверылі пашпарты. Што паўзьдзейнічала на гэтае рашэньне, цяжка сказаць. Магчыма, прысутнасьць прадстаўніка АБСЭ Крыстафэра Паніко, юрыста Беларускага Гэльсынскага Камітэту Алега Гулага, які выступаў у якасьці грамадзкага абаронцы Валянціна Гулая.
Абараняць юнака прыехаў з Гомлі і прадстаўнік грамадзкай арганізацыі “Грамадзянскія ініцыятывы” спадар Адзіночанка, які выкладае ў Гомельскім Дзяржаўным унівэрсытэце імя Францішка Скарыны гісторыю рэлігіі. Таму для дзяржаўнага суда было вельмі важна пачуць ягоную думку.

Ён сказаў, што Гулая судзяць менавіта за перакананьні, за іншадумства, што гэты судовы працэс нанясе беларускай дзяржаве ў вачах міжнароднай супольнасьці вялікую шкоду. А наконт лёгкага шляху, якім дакараюць Валянціна Гулая абвінаваўцы, дык не назавеш лёгкім адстойваньне сваіх перакананьняў і пэрпэктыву быць засуджаным да турэмнага зьняволеньня на 5 год, а таксама згоду працаваць на цяжкіх працах і без аплаты.

Але довады абаронцаў мала паўзьдзейнічалі на пракурора Кударэнку, які абвінаваціў Валянціна Гулая ў ляноце, прывёўшы ў якасьці доказу ягонае звальненьне з калгасу “40 год кастрычніка” Рэчыцкага раёну. Пракурор толькі не ўзгадаў, што калгас да гэтага часу мае перад Гулаем запазыычанасьць у паўтара месячныя заробкі. На гэта спадар Кударэнка адказаў, што ў Беларусі шмат прадпрыемстваў і калгасаў, дзе работнікі не атрымліваюць своечасова заробак, але вось, маўляў, не звальняюцца. Паказальна ў гэтай справе і тое, што пад час сьледзтва тыя, хто яго вёў, адмовіліся выслухаць некаторых сьведкаў, напрыклад, старшыню рэчыцкай суполкі “Сьведкаў Еговы” Сьцяпана Лугоўскага, але Валянцін сам назваў Лугоўскага ў ліку сваіх сьведкаў, і суду давялося выслухаць усіх.

Зараз Валянцін Гулай рыхтуе апэляцыю на прысуд Рэчыцкага гарадзкога суда.

Марыя Шыманоўская, Рэчыца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG