Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пасьля двух тыдняў баёў у паўднёвай чачэнскай вёсцы Саадзі-хутар (Камсамольскае) разбураны амаль кожны будынак, і гэта сымбалізуе цяжкасьці, зь якімі сутыкаецца Расея ў спробах кіраваць Ічкерыяй, піша ў сваім матэрыяле карэспандэнт агэнства Associated Press Юры Багроў.

Цягам апошніх тыдняў і месяцаў чачэнскія паўстанцы мянялі месцы дыслякацыі, праводзілі перагрупоўкі і, часам, прасьлізгвалі праз расейскія пазыцыі ды замацоўваліся ў вёсках. Пры гэтым яны паказалі, што іх надзвычай цяжка выбіць з занятых пазыцыяў, нягледзячы на хвалі паветраных атакаў і жорсткія гарматныя абстрэлы.

Прадстаўнікі фэдэральнага войска заявілі, што цяпер прыкладаюцца апошнія намаганьні, каб првесьці зачыстку Саадзі-хутару, які яны ўзялі ў аўторак і тады ж узьнялі над вёскай расейскі сьцяг.

Аднак, – піша Юры Багроў са спасылкай на тэлеканал НТВ, – расейскія аддзелы, якія замацаваліся на ўскрайку Саадзі-хутару, ведаюць пра начныя перамяшчэньні паўстанцаў і сутыкаюцца з трапным агнём снайпэраў.

“Мы спрабуем ужываць усе свае сілы, але гэта цяжкі працэс. Мы ня можам паставіць войска вакол вёскі, загадаць жаўнерам трымацца за рукі і такім чынам атачыць яе,” – сказаў кіраўнік аддзелаў міністэрства ўнутраных справаў Грыгоры Фаменка.

Як падало агэнства Интерфакс, фэдэральныя войскі ўсё яшчэ мусяць працягваць барацьбу з аточанымі ў Саадзі-хутары паўстанцамі, але, паводле агэнства, цяпер вёска блякаваная надзейна.

Апрача гэтага Интерфакс падаў словы прадстаўніка расейскага прэзыдэнта ў Ічкерыі Сяргея Ястржэмбскага, які сказаў, што Маскву хвалююць магчымыя новыя нечаканыя напады на расейскае войска напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. “Мы, – сказаў Ястржэмбскі, – дапускаем магчымасьць такіх атакаў ў паўднёвай частцы Ічкерыі, і мы мусім быць гатовымі да гэтага”.

Паводле заяваў расейскага вайсковага кіраўніцтва на сёньня ў баёх пад Саадзі-хутарам загінулі ад 500 да 600 паўстанцаў і 50 фэдэралаў. Гэтыя зьвесткі, аднак, пакуль ніякім чынам не пацьверджаныя. Што ж да цывільнага насельніцтва, то расейцы заяўляюць, што яно пакінула вёску, таму што іхныя хаты абстрэльвалі і бамбавалі.

Той самы Интерфакс паведамляе і пра шматлікіх паўстанцаў, якія пад Саадзі-хутарам здаюцца ў палон. Асабліва іхная колькасьць павялічылася пасьля заявы выканальніка абавязкаў расейскага прэзыдэнта Владзіміра Пуціна пра тое, што ён дапускае магчымасьць перамоваў з паўстанцамі, але пасьля таго, як яны складуць зброю.

Ад пачатку вайны, тэрыторыю Ічкерыі пакінулі 250 тысячаў чачэнцаў. Шмат хто зь іх знаходзіцца ў лягярох для ўцекачоў у суседняй Інгушэтыі. Усе яны скардзяцца на ўмовы іхнага ўтрыманьня. “Мы хвалюемся, мы ня ведаем чаго чакаць далей,” – сказаў Адам Мадзееў – уцякач, які знаходзіцца ў лягеры “Спутнік”, што недалёка ад вёскі Сьляпцоўская.

Тым часам, – канчае свой артыкул Юры Багров, – у аўторак Эўрапейскі Зьвяз абвесьціў пра перадачу чачэнскім уцекачам і інгускім сем’ям, якія іх прытулілі, 3 300 тонаў мяса і 1 100 тонаў рысу.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG