Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 18 сакавіка)
Сёньня беларусы ЗША сабраліся перад сядзібай Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, каб прадэманстраваць сваю салідарнасьць з удзельнікамі нядаўняга Маршу Свабоды ды іншымі акцыямі беларускай апазыцыі. Удзельнікі дэманстрацыі, у прыватнасьці, дамагаліся спыненьненя інтэграцыі з Расеяй і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Дэманстрацыя ў Ню-Ёрку пачалася, як і плянавалася, ў 12 гадзінаў дня перад будынкам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У часе яе да ўдзельнікаў прамовіла выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі правоў чалавека Кэці Фіцпатрык. Яна пачала сваё выступленьне словамі: “Жыве Беларусь”.

Фіцпатрык адзначыла, што для ейнай арганізацыі і для ўсіх амэрыканцаў, зацікаўленых у датрыманьні правоў чалавека ў Беларусі, важнае тое, што беларусы па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў і выказваюць падтрымку сваёй Радзіме.

Побач са мною знаходзіцца малады чалавек (яго завуць Валянцін), які літаральна днямі прыехаў зь Беларусі.

(Прыгара: ) “Вы прйшлі ўпершыню на такую дэманстрацыю. Якія ў вас уражаньні?

(Валянцін: ) “Самыя добрыя ўражаньні. Самае прыемнае тое, што апынуўшыся тут, я разам са сваімі суайчыньнікамі магу выказаць свой пратэст супраць улады Лукашэнкі”.

Гэта быў Валянцін, які зусім нядаўна прыехаў у Ню-Ёрк з Беларусі.

Сярод лёзунгаў гэтай дэманстрацыі галоўны такі: “Лукашэнка прэч”. На дэманстрацыю, як і меркавалася, прыехалі беларусы з Бостану. Вось што сказаў Раман Кардонскі:

(Кардонскі: ) “Мы прыехалі, каб выказаць нашу падтрымку шматпакутнай Бацькаўшчыне-Беларусі, беларускаму народу, тым змагаром за незалежнасьць Беларусі, якія выходзяць на вуліцыМенску ды іншых гарадоў Беларусі. Мы прыехалі для таго, каб выказаць свой рашучы пратэст супраць палітыкі Лукашэнкі, якая вядзе да ліквідацыі незалежнасьці, да страты дзяржаўнасьці, роднай мовы і культуры”.

На дэманстрацыі прысутныя беларусы прынялі зварот да Дзяржаўнага сакратара ЗША Мэдлен Олбрайт. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца пра тое, што 20-га ліпеня мінулага году закончыўся легітымны тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта, і таму зараз ён успрымаецца беларусамі на Захадзе як дыктатар. У звароце да Олбрайт таксама ёсьць згадка пра тое, што ў 93-94 годзе, калі Беларусь дабраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, Расея, Злучаныя Штаты і Велікая Брытанія абяцалі і гарантавалі незалежнасьць Беларусі. І таму сёньня беларусы замежжа, якія удзельнічаюць у дэманстрацыі ў Ню-Ёрку, патрабуюць выкананьня гэтых гарантыяў, бо яны лічаць, што зараз у Беларусі ёсьць сур’ёзная пагроза яе анэксыі з боку Расеі.

У часе ню-ёркскай дэманстрацыі выступіў таксама і быў выслуханы зь вялікай увагай лідэр часткі Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Ён нагадаў прысутным, што пасьля Маршу Свабоды гарадзкія ўлады Менску забаранілі ўсякія дэманстрацыі ў сталіцы, у тым ліку шэсьце 25-га Сакавіка. Дарэчы, на дэманстрацыі перад сядзібай ААН у Ню-Ёрку ёсьць плякат са здымкам з Маршу Свабоды. Час ад часу пасьля выступу Зянона Пазьняка раздаваліся воклічы “ Жыве Беларусь”.

Дэманстрацыя амэрыканскіх беларусаў перад сядзібай ААН у Ню-Ёрку працягвалася больш за гадзіну.

Галіна Прыгара, Ню-Ёрк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG