Гэтымі днямі ў гарадзкія і раённыя аддзелы аховы здароўя, паліклінікі
ды ў іншыя лячэбныя ўстановы Менскае, Магілёўскае, Берасьцейскае ды Віцебскай
абласьцёў вялікая група грамадзянаў са скандалам вяртае пуцёўкі на аздараўленьне
сваіх дзяцей у санаторыі “Беларусь”, які месьціцца ў горадзе Друскенінкай
(Друскенікі) Летувіскае Рэспублікі. Прычына палягае ў тым, што 14 сакавіка
гэтыя людзі не змаглі перасекчы дзяржаўную мяжу ў раёне Горадні.
Учора ўвечары з кабінэту загадчыцы 2-е дзіцячае паліклінікі гораду Барысава
спадарыні Трусавай выйшла заплаканая жанчына. Выйшла разам зь дзяўчынкаю
11-12 гадоў. Крыху пазьней жыхарка места Галіна Аціцкая (так звалі гэтую
жанчыну) мне распавяла: маўляў, везла ў летувіцкі горад Друскенінкай на
лекаваньне ў санаторый “Беларусь”дачку Наташу, даехала да Горадні, але
на беларуска-летувіцкую мяжу іх не пусьцілі. Давялося вяртацца дадому ў
Барысаў.
Вось што, у прыватнасьці, паведаміла Галіна Аціцкая пра тое, што здарылася
14 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Гародні зь ёю, з Наташаю і яшчэ з трыццацю
чалавекамі бацькоў і дзяцей, якія з розных рэгіёнаў краіны ехалі ў друскеніцкі
санаторый “Беларусь”…
“Прыехалі мы на чыгуначны вакзал. І раптам да нас з дынамікаў пачулася,
што нас да сябе запрашае дзяжурны па вакзалу.Калі мы падыйшлі да яго, там
ужо былі два нейкіх чыноўнікі. Яны папрасілі нас паказаць свае пашпарты.
Яны нам сказалі, што ў нашых пашпартох не адкрытыя візы ў Летуву, а таму
летувіцкія мытнікі не прапусьцяць нас у Друскенінкай. Яны нам патлумачылі,
што 20 лютага выйшла такое палажэньне Летувіцкае Рэспублікі, каб беларускія
грамадзяне, якія вязуць на лекаваньне сваіх дзяцей у санаторый “Беларусь”,
адчынялі візы, якія даюцца бясплатна. Аднаразовыя.
Беларускія чыноўнікі, якія сустракалі нас у Горадні на вакзале, нам
прапанавалі свае паслугі: яны браліся за суткі адкрыць нам візы. Але за
гэта мы павінныя былі заплаціць па мільёну з пашпарт. Некаторыя пайшлі
на гэта. Але шмат хто не пагадзіўся. …Трэба было здымаць гатэль і чакаць.
Карацей, з хворай дочкаю (мае дыягназ: гепатыт вірусу С ды іншыя хваробы)
мы вярнуліся дадому ў Барысаў 15 сакавіка. Так пуцёўка наша й прапала”,
– зазначыла Галіна Аціцкая.
Яна распавяла, што раней для таго,каб транспартаваць Наташу ў Друскенікі,
маці й дачцы хапала агульнанацыянальных пашпартоў з дазваляльнай адзнакаю
на выезд за межы Беларусі. Спадарыня Аціцкая лічыць, што летувіцкі бок
мае права ўводзіць на ўезд-выезд свае правілы. Тым больш, што візы ў дадзеным
выпадку – для бацькоў і дзяцей бясплатныя. Але да моманту выдачы пуцёвак,
гэта значыцца, да 9 сакавіка, Міністэрства аховы здароўя мела магчымасьць
і мусіла было паведаміць усім бацькам пра зьмены ў візавай практыцы летувіцкага
боку. Але з прычыны бюракратызму мэдычнага ведамства такая інфармацыя не
была абнародаваная.
Алесь Мікалайчанка, Барысаў
Самае папулярнае
1