Выгукі “Жыве Беларусь!” гучэлі сёньня і ў Варшаве. Тамтэйшыя беларусы праводзілі
пікет ля беларускай амбасады…
(Карманаў: ) “Пачатак на 5-ю паводле варшаўскага часу. Калі маніфэстанты
ў Менску рыхтуюцца распачаць акцыю, у Варшаве, на вуліцы Атэньскай, каля
беларускай амбасады ўжо распачаўся пікет пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Нягледзячы на кепскае надвор”е, – у Варшаве ці тое падае сьнег, ці то
сьвеціць сонца – на акцыю выйшла каля 20-ці чалавек. Асноўны лёзунг – “Салідарнасьць
зь Менскам”. Арганізатарам пікету – “Малады Фронт”. На акцыі прысутнічае
ініцыятар акцыі – Ігар Банцэвіч. Таксама тут – Алег Батурын, афіцэр міліцыі,
які на мінулым “Маршы Свабоды” выступаў на іншым баку. Чаму Алег Батурын
тут?”
(Батурын: ) “Я прыйшоў падтрымаць сваіх сяброў, якія сабраліся сёньня
ў Менску і сказаць ім, што я разам зь імі. І застануся зь імі назаўсёды”.
(Радкевіч: ) “Скажыце, калі ласка, Алег. Калі Вы знаходзіліся ў Менску,
ужо тады было вядома пра тое, што рыхтуецца “Марш Свабоды – 2”. Ці была
нейкая інфармацыя пра падрыхтоўку ўладаў да акцыі?”
(Батурын: ) “Так, мне было вядома, што Лукашэнка даў загад свайму намесьніку
Жадобіну, каб ён зрабіў усё, каб “Марш Свабоды – 2” у Менску не адбыўся.
І гэты загад ён даў у шырокай аўдыторыі. Паабяцаў, калі Жадобін ня выканае
гэтага загаду, то ня будзе працаваць у міліцыі. Я сам гэта чуў”.
(Радкевіч: ) “Учора ўсе жыхары Беларусі чулі даволі рэзкія выказваньні
Лукашэнкі на адрас “Маршу Свабоды – 2”: “Крок направа, крок налева…” і
гэтак далей. Алег, Вы цяпер у Варшаве…”
(гучыць сыгнал сырэны – гэтым гукам арганізатары пікету прыцягваюць
увагу да акцыі)
(Радкевіч: ) “Сыгнал перарваў нашую гутарку… Вернемся да майго пытаньня.
Як лёгка было Вам выехаць зь Беларусі?”
(Батурын: ) “Зь Беларусі мне было выехаць нялёгка. Я прайшоў празь беларуска-ўкраінскую
мяжу нелегальна. Легальна ня мог, бо супраць мяне была ўзбуджаная крымінальная
справа. Быў абвешчаны вышук мяне. Потым я перайшоў украінска-польскую мяжу
ўжо легальна. І цяпер я ў Варшаве”.
(Радкевіч: ) “Вы папрасілі там палітычнага прытулку?”
(Батурын: ) “Я папрасіў палітычны прытулак у Злучаных Штатах Амэрыкі,
бо Польшча – вельмі блізка да Беларусі, я баюся за сваю жыцьцё. Мне паведамілі,
што трэба пачакаць. Пытаньне будзе вырашана на гэтым тыдні”.
(Радкевіч: ) “Ці шмат паліцыі каля беларускай амбасады ў Варшаве?”
(Батурын: ) “Не, паліцыі ня так шмат. У параўнаньні зь Менскам – яе
няма”.
(Карманаў: ) “Такім чынам, вы чулі Алега Батурына, які зараз мае выступ
на пікеце. Побач са мной тут знаходзіцца Ян Хлябовіч, прадстаўнік Аб”яднанай
грамадзянскай партыі, які зараз вучыцца ў Варшаўскім унівэрсытэце і супраць
якога ўзбуджаная крымінальная справа. Ён ня можа выехаць у Беларусь. Спадар
Хлябовіч, Вам слова:”
(Хлябовіч: ) “Больш за 11 месяцаў я ня быў у Беларусі. Я ня ведаю, ці
змагу адтуль вярнуцца ў Варшаву, каб вучыцца. Зараз тут, на пікеце, мы
зьбіраемся зрабіць плястычную апэрацыю Лукашэнку. Мы бярэм плякат зь ягонай
выявай, падкарэктуем некаторыя ягоныя рысы твару…”
(Радкевіч: ) “Я адкарэктую: вы плянуеце зрабіць плястычную апэрацыю
партрэту…”
(Карманаў: ) “Я заўважу, што стасункі афіцыйнай Варшавы з афіцыйным
Менскам добрымі не назавеш. У Варшаве сустрэчы адбываюцца з тымі, хто сёньня
кіруе калёнамі маніфэстантаў у Менску. Польская паліцыя рэагуе на правядзеньне
пікету вельмі спакойна. Паліцыянт, зь якім я толькі што пагаварыў, пажартаваў
нават: “Я на вашым баку ад амбасады”. Акцыя ў Варшаве завершыцца а 18.00
гадзіне паводле варшаўскага часу. Гэта – 19.00 паводле менскага часу”.
Юрась Карманаў, Радыё Рацыя, Варшава
Алена Радкевіч, Прага
Самае папулярнае
1