Адбылася сустрэча арганізатараў “Маршу Свабоды – 2” з прадстаўнікамі
сталічных уладаў, пад час якой вырашаліся тэхнічныя моманты правядзеньня
акцыі. У выніку ўлады і апазыцыянэры прыйшлі да згоды фактычна ва ўсіх
пытаньнях правядзеньня “Маршу”.
У гэтай сустрэчы бралі ўдзел арганізатары “Маршу Свабоды” Зьміцер Бандарэнка
й Віктар Івашкевіч, а з боку ўладаў – намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага
камітэту Віктар Чыкін і намесьнік начальніка менскае міліцыі Сяргей Саланец.
Яны агледзелі месца правядзеньня акцыі – асфальтавую пляцоўку ля пляцу
Бангалёр – каб пераканацца, што яна прыдатная для акцыі з удзелам вялікае
колькасьці людзей. Спадары Чыкін і Саланец запэўнілі арганізатараў “Маршу”,
што 15 сакавіка на пляцоўцы будзе ўсё неабходнае дзеля правядзеньня мітынгу…
Так, Чыкін паабяцаў, што там пабудуюць сцэну, падключаць электрычнасьць
і забясьпечаць арганізатараў гукаўзмацняльнай апаратураю. Палкоўнік Саланец
мусіць узяць на сябе адказнасьць за бясьпеку ўдзельнікаў “Маршу Свабоды”.
Паводле словаў актывіста “Хартыі-97” Зьміцера Бандарэнкі, арганізатараў
у прынцыпе задавальняюць такія ўмовы правядзеньня акцыі, і таму яны не
настойвалі на арганізацыі мітынгу ў цэнтры Менску. Гаворыць Зьміцер Бандарэнка:
(Бандарэнка: ) “Быў бы варыянт ісьці на плошчу Незалежнасьці, гэта былі
б сутыкненьні. У параўнаньні зь мінулым разам мы лічым гэта крокам наперад.
Прычым, мы лічым, што паспрыяў ліст спадара Віка. АБСЭ прапаноўвала свае
паслугі ў пасярэдніцтве для правядзеньня сустрэчы гарадзкіх уладаў з арганізатармі
Маршу Свабоды-2. Улады часткова пайшлі нам насустрач, мы ў чымсьці пайшлі
ім насустрач, ну і лічым, што гэта нармалёва,”
– паведаміў спадар Бандарэнка.
Арганізатары “Маршу Свабоды – 2” таксама задаволеныя дазволам уладаў
на правядзеньне шэсьця. Нагадаю, што ўчора гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў
ініцыятарам “Маршу” правесьці калёну дэманстрантаў па праезнай частцы праспэкту
Скарыны, а таксама вуліцаў Сурганава і Багдановіча да месца мітынгу й рок-канцэрту,
які скончыцца а 22-й гадзіне ўвечары. Удзельнік сёньняшняе сустрэчы Зьміцер
Бандарэнка гаворыць, што атрыманьне гэтага дазволу ёсьць маленькай перамогаю
апазыцыі. На ягоную думку, “Марш Свабоды” павінен прайсьці цывілізавана,
як і належыць акцыі ў падтрымку перамоўнага працэсу. Працягвае Зьміцер
Бандарэнка…
(Бандарэнка: ) “Нас задавальняе месца збору – Плошча Якуба Коласа. Нас
задавальняе рух па праспэкце Скарыны і Сурганава. Таму што Марш – гэта
самае галоўнае, і ў параўнаньні зь мінулым разам, калі нам дазволілі толькі
мітынг на пл. Бангалёр і зараз таксама гэта папаноўвалі, я лічу, што гэта
нашая перамога. Гэта першы крок. І мы нагадваем, што гэта – першая масавая
акцыя вясны, і яна павінна прайсьці нармалёва, кампрамісна. Можа быць і
буйная, радыкальная акцыя, якая ставіць на мэце перамовы. Я думаю, што
ўлады зрабілі высновы, і ўжо мы зь імі размаўлялі, маючы за сьпіной сілу
першага Маршу”.
Гэта быў адзін з арганізатараў “Маршу Свабоды-2” сп.Бандарэнка.
Прадстаўнікі апазыцыі таксама лічаць, што ва ўладаў проста не было іншага
выйсьця, як дазволіць акцыю. Бо ў іншым выпадку “Марш Свабоды” мог набыць
канфрантацыйны характар, як гэта было 17 кастрычніка летась. А такі варыянт
разьвіцьця падзеяў, на думку арганізатараў “Маршу”, цяпер уладам не патрэбны,
асабліва пасьля абвяшчэньня пачатку грамадзкага дыялёгу.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1