У ЗША расьце заклапочанасьць з нагоды шматлікіх фактаў парушэньня правоў
чалавека ў Чачні. Гэтая заклапочанасьць узмацняецца тым, што Ўладзімер
Пуцін – адзін з галоўных ініцыятараў вайны ў Чачні – амаль напэўна будзе
абраны прэзыдэнтам Расеі 26 сакавіка. Дзяржаўны Сакратар ЗША Мэдлен Олбрайт
у сувязі з гэтым зьмясціла на старонках газэты “Washington Post” свой камэнтар.
“Расея ў дадзены момант, - піша Мадлен Олбрайт, - знаходзіцца адначасна
ў пэрыядзе гістарычнай прэзыдэнцкай кампаніі і крывавай вайны ў Чачні,
якая шакуе ўсясьветную грамадзкую думку. Зразумела, што вядучыя амэрыканскія
палітыкі ня могуць выказвацца ў падтрымку якога-небудзь кандыдата ў прэзыдэнты
Расеі, але адначасна мы выказваем свой пратэст супраць гэтай жорсткай і
беспэрспэктыўнай вайны”.
На думку Дзяржаўнага Сакратара ЗША Мадлен Олбрайт, якую яна выказвае
на старонках газэты “Washington Post”, у Амэрыцы даволі распаўсюджаны пункт
гледжаньня, што адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана падтрымлівае выканаўцу
абавязкаў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, і што яна вагалася,
ці выступіць з крытыкай Расеі за тое, што яна робіць у Чачні. У сапраўнасьці
ж, лічыць дзяржсакратар ЗША, справы выглядаюць зусім інакш.
Амэрыканскія афіцыйныя асобы, пачынаючы ад прэзыдэнта Клінтана, неаднойчы
характарызавалі спадара Пуціна як здольнага і энэргічнага чалавека, які
ведае справу, шчырага і адкрытага, які хоча праводзіць эканамічныя рэформы,
будаваць дзяржаву права і ажыцьцяўляць кантроль узбраеньняў. Усё гэта сьцьвярджэньне
аб’ектыўных фактаў, лічыць Мадлен Олбрайт, але не падтрымка Пуціна.
Сама Олбрайт не аднойчы падкрэсьлівала, і робіць гэта зноў у сваім артыкуле,
што Пуцін – чалавек дваякі. З аднаго боку ён належаў да рэфарматарскіх
колаў Санкт-Пецярбурга, а з другога – ён правёў амаль усё сваё сьвядомае
жыцьцё ў КГБ, ён адказваў за зьнішчальную чачэнскую кампанію.
У справе Чачні Мадлен Олбрайт падкрэсьлівае, што ЗША прызнаюць тэрытарыяльную
цэласнасьць Расеі і не выступаюць супраць права Расеі змагацца з тэрарызмам
на яе ўласнай тэрыторыі, але там, дзе трэба, ЗША заўсёды выступалі з вострай
крытыкай Расеі.
У верасьні летась, яшчэ да таго, як чачэнская вайна пачалася, калі выбухі
бомбаў зьнішчылі два жылыя дамы ў Маскве, мы папярэджвалі расейскія ўлады,
- піша на старонках “Washington Post” дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт,
- аб тым, што гэта ня можа стаць падставай для абмежаваньня правоў чалавека.
Калі расейскія войскі збамбавалі базар у Грозным у кастрычніку, мы схарэктарызавалі
гэты факт як “агідны і варты жалю”. Калі ж пачалася расейская ваенная кампанія
ў Чачні, мы заявілі, што выкарыстаньне сілы расейскай арміяй “празьмернае,
і мы асуджаем яе тактыку”.
У лістападзе, калі прэзыдэнт Клінтан удзельнічаў у Стамбульскім саміце,
ён праз увесь стол, за якім сядзелі эўрапэйскія лідэры, заявіў Барысу Ельцыну,
што Расея ня мае права разглядаць гэтую вайну як сваю ўнутраную справу.
У студзені сёлета, калі ў Чачні быў арыштаваны карэспандэнт Радые Свабода
Андрэй Бабіцкі, мы паведамілі расейскаму ўраду, што ён адказны за ягоны
лёс, і заклікалі расейцаў сказаць усю праўду. У лютым наш штогадовы даклад
у справе правоў чалавека падаў у дэталях жахлівыя наступствы вайны для
цывільнага насельніцтва.
Калі праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” апублікавала свой
даклад пра растрэлы ў Грозным, мы запатрабавалі поўнага і незалежнага расьсьледаваньня
з удзелам міжнародных экспэртаў і з прыцягненьнем да адказнасьці вінаватых,
сьцьвярджае Мадлен Олбрайт.
Расейскі міністар замежных справаў Ігар Іваноў назваў гэтую заяву Дзяржаўнага
Дэпартамэнту “інфармацыйным тэрарызмам”. У адказ Мадлен Олбрайт заявіла
непасрэдна самому Пуціну ў мінулым месяцы, што толькі калі Расея зможа
апраўдацца ў сувязі з гэтымі абвінавачаньнямі, толькі тады міжнародныя
абавязальніцтвы Расеі будуць успрымацца сур’ёзна. Тое самае Пуцін пачуў,
калі на мінулым тыдні прачытаў асабістае пасланьне прэзыдэнта Клінтана
ў справе Чачні. Пра гэта, галоўным чынам, гаварыла Мадлен Олбрайт Ігару
Іванову на саміце ў Лісабоне ў мінулую пятніцу.
“Якіх бы пагадненьняў мы не шукалі ў іншых справах, - падсумоўвае свой
артыкул у “Washington Post” Дзяржаўны Сакратар ЗША Мадлен Олбрайт, - мы
павінны пераканаць Расею, што гэтая вайна (асабліва таму, што цяжкія расейскія
страты на мінулым тыдні сьведчаць, што яна далёкая ад заканчэньня) павінна
быць вырашаная палітычнымі, а не ваеннымі сродкамі. Няздольнасьць Расеі
прызнаць гэты факт можа прывесьці яе да яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі.
І мы будзем працягваць гэтую лінію, каб гэтая праўда дайшла да Расеі”.
Мікола Іваноў
Самае папулярнае
1