Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Міністэрстве замежных справаў Беларусі прайшла прэзэнтацыя надоечы ўхваленай урадам Нацыянальнае праграмы разьвіцьця экспарту на 2000–2005 гады, якая прадугледжвае рост беларускага экспарту за гэты пэрыяд на 31 адсотак. Аднак незалежныя эканамісты лічаць гэтыя пляны маларэальнымі.

Кіраўнік управы эканомікі вонкавага гандлю МЗС Беларусі Ўладзімер Малевіч паведаміў, што распрацоўка гэтае праграмы ня выкліканая нейкімі нэгатыўнымі тэндэнцыямі ў вонкавым гандлі.

Але ім жа прыведзеныя факты гавораць аб адваротным. За 1999 год агульны беларускі экспарт зьнізіўся на 2 мільярды даляраў. Як прызнаў сам Малевіч, Беларусь істотна адстае ў галіне экспарту паслугаў, якія складаюць толькі дзесяць адсоткаў ад аб’ёму экспарту, пры тым што аптымальным лічыцца 25 адсоткаў.

Хваробаю беларускага экспарту застаецца бартэр. Новая праграма гэта як быццам пацьвярджае, але аніякіх канкрэтных захадаў у ягоным зьніжэньні не прадугледжвае, прынамсі ў 2000 годзе.

Асноўная доля беларускага бартэру прыходзіцца на Расею. Пры тым, што ў фізычным вымярэньні колькасьць нашых тавараў, пастаўленых у Расею, летась нават вырасла на 3 адсоткі, у валютным вымярэньні беларускі экспарт у Расею ўпаў на 16 адсоткаў. Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць гэта нэгатыўным вынікам аднабаковае прывязкі беларускай эканомікі да Расеі.

Тым ня менш новая ўрадавая праграма прадугледжвае, што ў 2005 годзе на Расею будзе прыпадаць каля 57 адсоткаў беларускага экспарту, гэта значыць – ейная доля нават вырасьце ў параўнаньні зь 99-м годам.

Супрацоўнік МЗС Уладзімер Малевіч шчыра прызнаў, што наша эканоміка пакутуе ад мізэрных экспартавых цэнаў на трактары ды іншыя беларускія тавары. Гэта, на ягоную думку, адбываецца з-за поўнае блытаніны ў вонкавым гандлі. Пераадолець жа гэтую блытаніну павінна стварэньне Каардынацыйнае рады ў разьвіцьці экспарту й спэцыялізаваных экспартавых канцэрнаў. Але Станіслаў Багданкевіч выказвае перасьцярогу, што гэта можа скончыцца проста манапалізацыяй экспарту дзяржаўнымі структурамі.

У Міністэрстве замежных справаў прызнаюць, што цяпер перажывае істотны крызыс і гандаль Беларусі са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Хоць доля ЗША ў вонкагандлёвым абароце Беларусі складае ўсяго 1,5 адсоткі, аднак гэты гандаль вельмі важны для добрага іміджу краіны ў сьвеце. Але цяпер гэты імідж, відаць, яшчэ пагоршыцца, паколькі ЗША маюць намер пазбавіць Беларусь рэжыму найбольшага спрыяньня ў двухбаковым гандлі.

Беларуская эканоміка церпіць і ад антыдэмпінгавых санкцыяў з боку ЭўраЗьвязу. Нягледзячы на ўсё гэта, распрацоўшчыкі праграмы разьлічваюць на прыняцьце Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Агулам Праграма разьвіцьця экспарту прадугледжвае ягоны прырост на 5 адсоткаў штогод і дасягненьне ў 2005 годзе роўню 9 мільярдаў 275 мільёнаў долараў ЗША. Варта нагадаць, што летась Беларусь прадала тавараў і паслугаў на 6 мільярдаў.

Гаворыць Станілаў Багданкевіч:

“Гледзячы на фундамэнт нашай эканомікі, я лічу, што ў нас няма аніякіх падставаў дзеля аптымізму, таму што экспарт павінен грунтавацца на інвэстыцыях, а інвэстыцыяў няма. Гэта ўсё пражэкты, ні на чым не заснаваныя”, – зазначыў прафэсар Багданкевіч.

Ён мяркуе, што і ў Расіі могуць паступова адмовіцца ад беларускага бартэру, адаючы перавагу больш якаснай прадукцыі. На ягоную думку, каб дасягнуць посьпеху, патрэбная лібэралізацыя эканомікі, макраэканамічная стабілізацыя, патрэбны новы жорсткі, валявы ўрад ды іншы кіраўнік дзяржавы.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG