Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 2 сакавіка)
Дзесяць актывістаў Аб’яднанае Грамадзянскае партыі ды “Хартыі-97” зарганізавалі сёньня на менскім пляцы Бангалёр пікет, патрабуючы ад уладаў неадкладна пачаць перамовы з апазыцыяй пры пасярэдніцтве АБСЭ. Сталічныя ўлады далі апазыцыянэрам дазвол на правядзеньне такіх акцыяў на працягу цэлага месяцу, і, паводле словаў пікетоўцаў, да пачатку “Маршу Свабоды” яны будуць стаяць на пляцы Бангалёр штодня.

Сёньня а 16-й гадзіне, дзесяць пікетоўцаў выйшлі на пляц Бангалёр пад лёзунгамі “Дыктатуры капец!”, “Паліцэйскай дзяржаве – не!” і сьцягамі АГП і “Хартыі”. Адная з арганізатараў пікетаваньня – дэпутатка Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Людміла Гразнова гэтак патлумачыла мэту гэтай акцыі:

“Сёньняшні пікет прысьвечаны нашаму патрабаваньню “Даеш перамовы!” Мы патрабуем ад улады перамоваў. Ніякіх дыялёгаў невядома зь кім і на якіх умовах! А дакладна акрэсьленых перамоваў пры пасярэдніцтве АБСЭ. Гэта нашая мэта, гэтага мы будзем дамагацца. Мы будзем гэта рабіць да 15 сакавіка, каб людзі ведалі, што адбудзецца Марш Свабоды-2, і што гэта наш шанец сёлета абараніць сваю краіну і захаваць яе незалежнасьць”, – паведаміла спадарыня Гразнова.

Паводле яе словаў, арганізатары акцыі патрабавалі ад уладаў дазволіць ім пікетаваць у розных месцах Менску, аднак гарадзкі выканаўчы камітэт не дазволіў. Тым ня менш, Людміла Гразнова гаворыць, што пікетоўцы прыкладуць намаганьні данесьці свае ідэі да як мага большае колькасьці грамадзянаў.

Сёньня ўдзельнікі акцыі раздавалі мінакам сьвежы нумар новае газэты “Наша Свабода” і запрашалі іх узяць удзел у “Маршы Свабоды-2” 15 сакавіка.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG