Управа адукацыі Менскага абласнога выканаўчага камітэту распрацавала
гэтак званую “Абласную праграму пераўтварэньня сеткі дашкольных установаў
і школаў у сувязі з дэмаграфічнай сытуацыяй у 2000–2004 гадох”. Згаданы
праект выклікае трывогу Таварыства Беларускай Мовы, бо мае на ўвазе значнае
скарачэньне ў блізкай пэрспэктыве колькасьці пачатковых і базавых школаў,
якія ў абсалютнай бальшыні беларускамоўныя.
Пагаршэньне цягам апошніх пяці гадоў дэмаграфічнае сытуацыі ў краіне
спарадзіла нэгатыўныя наступствы для сыстэмы асьветы. Паводле распрацоўшчыкаў
згаданае праграмы, сёлета ў першыя клясы школаў Меншчыны пойдуць 16 465
дзяцей. Гэта амаль на 2 тысячы вучняў меней, чым у папярэднім годзе. Тэндэнцыя
аўтарамі дакумэнту прагледжаная да 2004 году, калі колькасьць першаклясьнікаў
складзе каля 13 000.
Лёгіка праекту наступная: абласная сетка школаў і дзіцячых садкоў вымагае
скарачаць як агульнаадукацыйныя, гэтак і дашкольныя ўстановы, а таксама
пэдагагічны корпус. Так, цягам 2000–2004 гадоў будуць зачыненыя 29 пачатковых,
12 базавых і 1 сярэдняя школы . Апроч таго, адбудзецца рэарганізацыя 12
сярэдніх школаў у базавыя, 4 базавыя – у пачатковыя.
Вось што сказаў з гэтае нагоды кіраўнік справаў рады ТБМ Сяргей Кручкоў:
“Справа ў тым, што скарачэньне колькасьці школаў выкліканая дэмаграфічнай
сытуацыяй вясковага насельніцтва. Але мы хацелі б вельмі ўважліва сачыць
за працэсам скарачэньня саміх школаў. У якія школы будуць пераходзіць дзеткі?
Бо апошнім часам за апошнія два гады намецілася тэндэнцыя ,што нават вясковыя
школы сталі пераходзіць на расейскую мову выкладаньня.
Такая тэндэнцыя – вельмі небясьпечная тэндэнцыя, супярэчыць вынікам
апошняга, 1999 году, перапісу насельніцтва, бо паводле дадзеных асноўны
беларускамоўны кантынгент пражывае менавіта ў вёсках. Людзі, якія карыстаюцца
беларускай моваю ў сям’і, у сельскай мясцовасьці, – 2 мільёны 108 тысячаў
чалавек. Гэта 79 адсоткаў беларусаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасьці,
размаўляюць дома па-беларуску.
77 адсоткаў школаў беларускамоўныя ў сельскай мясцовасьці. Таму ўжо
ёсьць пэўны адмоўны вынік дзейнасьці некаторых структураў адукацыі ў сельскай
мясцовасьці.
…Мы безумоўна будзем рабіць запыты ў вабласныя аддзелы адукацыі, працаваць
з абласнымі аддзеламі адукацыі. Я думаю, што пры пэўным грамадзкім уплыве…
вялікага адмоўнага выніку мы не атрымаем. Мы ўсё ж такі зможам кантраляваць
працэс пераходу дзяцей у больш буйныя школы бязь нейкіх стратаў для беларускае
мовы”.
“Цікава, што праект гэтае праграмы да апошняга часу трымаўся ў сакрэце,
і кіраўнікі ТБМ даведаліся пра яго толькі ад карэспандэнта “Радыё Свабода”.
Алесь Мікалайчанка, Менск
Самае папулярнае
1