У Менску знаходзіцца дэлегацыя парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ, Рады
Эўропы і Эўрапарлямэнту. Згодна зь інфармацыяй, якая паступіла ў Кансультацыйна-назіральную
групу АБСЭ ў Беларусі, у пятніцу з прадстаўнікамі “тройкі” будзе мець размову
Аляксандар Лукашэнка.
Сябры дэлегацыі “тройкі” пакуль што ўхіляюцца ад размоваў з журналістамі:
маўляў, справа вельмі далікатная. А неасьцярожнае слова, ды яшчэ ў інтэрпрэтацыі
журналістаў, можа перашкодзіць мэтам місіі. Але ў нефармальных размовах
усе гавораць аднолькава: міжнароднае прызнаньне вынікаў парлямэнцкіх выбараў
будзе цалкам залежаць ад саступак урадавага боку ў трох галоўных пытаньнях
– удасканаленьне выбарчага кодэксу, перагляд некаторых функцыяў і паўнамоцтваў
парлямэнту й доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя. Менавіта
пра гэта “тройка” й хоча сказаць Аляксандру Лукашэнку.
Міжнародныя чыноўнікі лічаць, што іхнае слова будзе як ніколі важкае.
Падставы для гэтага — зафіксаваная ўпершыню ў адносінах да Беларусі кансалідаваная
пазыцыя трох уплывовых арганізацыяў.
Гутарка з Лукашэнкам павінна адбыцца 3 сакавіка й будзе працягвацца
роўна гадзіну. Гэта паводле пратаколу, але ўсё можа зьмяніцца. Усе памятаюць,
як Лукашэнка ўвосень размаўляў з кіраўніком рабочае групы па Беларусі Cевярынам
замест адной тры гадзіны.
Размове з Лукашэнкам будзе папярэднічаць гэтак званая “сустрэча 18-ці”.
Зь ініцыятывы “тройкі” за адзін стол сядуць па 6 прадстаўнікоў апазыцыі,
ураду, няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў. Прычым, сьпіс апошніх складаюць
на парытэтных асновах апазыцыя і ўрад. Такім чынам, міжнародныя структуры
спрабуюць вярнуцца да першапачатковай ідэі перамоўнага працэсу, калі на
першым этапе летам мінулага году ў Бухарэсьце зьбіраліся менавіта тры беларускія
бакі: улада, апазыцыя і няўрадавыя грамадзкія арганізацыі.
Гэтая ініцыятыва зыходзіць ад кіраўніка рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай
асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына. Учора пад час вячэры з журналістамі спадар
Севярын патлумачыў, чаму яму такі шлях бачыцца найбольш слушным. Як ён
лічыць, менавіта такі падыход дазволіў разьяднанай палітычнай апазыцыі
аб’яднацца ў моцную сілу. На думку кіраўніка рабочае групы, такое адзінства
вымушае нават Лукашэнку казаць пра дыялёг. І хаця АБСЭ добра разумее сэнс,
які Лукашэнка ўкладвае ў слова “дыялёг”, гэта ўсё ж пэўныя зрухі.
Калі спадар Севярын ня змог дакладна ўзгадаць, які раз – восьмы ці дзявяты
– ён наведвае Менск, дык старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі
Рады Эўропы Тэры Дэвіс зь Вялікабрытніі ў Беларусі ўпершыню. Паводле ягоных
словаў, ён прыехаў у Менск даведацца, чаму няма канкрэтных вынікаў перамоваў
паміж урадам і апазыцыяй. І менавіта гэтае пытаньне ён хоча задаць Лукашэнку.
А сёньня спадар Дэвіс і ягоныя калегі шукалі адказы на свае пытаньні
ў незалежных эканамістаў, прадстаўнікоў навукова-дасьледных арганізацыяў.
Галоўная падзея сёньняшняга дня для “тройкі” — сустрэча з прадстаўнікамі
Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Яна будзе доўжыцца
тры з паловаю гадзіны. Пра ейныя вынікі мы паведамім у вечаровым выпуску
нашае праграмы.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1