Несанкцыянаваны пікет ля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Менску
зарганізавалі сёньня трое маладых апазыцыянэраў. Цімох Дранчук, Філіп Клікушын
і Леанід Малахаў патрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі вярнуць Віктара Ганчара,
Юрыя Захаранку і Анатоля Красоўскага. Прадстаўнікамі службы бясьпекі былі
затрыманыя як пікетоўцы, гэтак і трое журналістаў, у тым ліку й карэспандэнт
“Радыё Свабода”.
Пікет быў прымеркаваны да гадавіны арышту й галадоўкі Віктара Ганчара.
Вядомага палітыка тады зарыштавалі на 10 сутак за падрыхтоўку да альтэрнатыўных
прэзыдэнцкіх выбараў. Перад пачаткам акцыі адзін зь ейных удзельнікаў –
18-ці гадовы Цімафей Дранчук так патлумачыў мэту пікету:
(Дранчук: ) “Год таму, менавіта першага сакавіка, Віктара Ганчара арыштавалі,
катавалі ў спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна, таму сапраўды гэтая акцыя
вельмі сымбалічная. Год таму ён найбольш сур’ёзна сутыкнуўся з рэжымам,
яго дзесяць сутак катавалі ў турме, ён ня здаўся. Таму яго вырашылі зьнішчыць
іншым чынам, больш радыкальным,”
– паведаміў Цімафей Дранчук.
Удзельнікі пікету таксама заявілі, што не баяцца магчымых рэпрэсіяў
з боку ўладаў, бо ня хочуць жыць у краіне, дзе бязьсьледна зьнікаюць людзі.
Пікетоўцы распаўсюдзілі заяву, у якой выказваюць занепакоенасьць лёсам
зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі й Анатоля Красоўскага, зьняволеных
дэпутатаў Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава. У заяве таксама гаворыцца
пра загадкавыя сьмерці Генадзя Карпенкі й лідэра прапрымальніцкага прафэсійнага
саюзу Арнольда Пячэрскага.
Несанкцыянаваны пікет працягваўся ўсяго некалькі хвілінаў. Пікетоўцы
толькі пасьпелі разгарнуць плякат з надпісам “Лукашэнка! Вярні Ганчара,
Захаранку й Красоўскага!”, як да іх падбег супрацоўнік службы бясьпекі
Лукашэнкі. Ён спрабаваў забраць у пікетоўцаў транспарант і перашкаджаў
фотакарэспандэнту здымаць акцыю.
Потым ахоўнік выклікаў па рацыі падмогу. Зьявіліся яшчэ некалькі супрацоўнікаў
службы бясьпекі ў цывільным, якія затрымалі пікетоўцаў, а таксама карэспандэнта
інфармацыйнай агэнцыі “БелаПАН” Руслана Бацянкова, фотакарэспандэнта агэнцыі
“Reuters” Васіля Фядосенку і аўтара гэтага рэпартажу й даставілі ў міліцэйскі
пастарунак.
На нашыя пратэсты й патрабаваньні растлумачыць прычыну затрыманьня прадстаўнікі
спэцслужбы не рэагавалі. Яны таксама адмаўляліся назваць свае прозьвішчы
й пасады. Толькі адзін, самы старэйшы, якога астатнія называлі “Антонавічам”,
заявіў мне, каб не пратэставаў і сеў у крэсла, дадаўшы пры гэтым, што,
маўляў, “у вас там, на “Свабодзе”, павінны ведаць, дзе можна знаходзіцца,
а дзе – не”.
Прадстаўнікі службы бясьпекі Лукашэнкі паводзілі сябе ў пастарунку па-гаспадарску,
аддавалі каманды міліцыянтам і г.д. Тыя, у сваю чаргу, апраўдваліся перад
журналістамі, маўляў “мы да вас аніякіх прэтэнзіяў ня маем, але ж і вы
нас зразумейце”.
Нарэшце, праз гадзіну прэзыдэнцкія ахоўнікі вырашылі нас адпусьціць,
папярэдне загадаўшы міліцыянтам перапісаць дадзеныя журналісцкіх пасьведчаньняў.
На разьвітаньне “Антонавіч” цынічна заявіў, што нас ніхто не затрымліваў,
і ўвогуле, мы “прыйшлі ў пастарунак самі”.
А ўдзельнікаў пікету ў пастарунку трымалі больш за тры гадзіны, склалі
на іх пратаколы і ўжо зьбіраліся адвезьці ў суд, але тыя запатрабавалі
адвакатаў. Прэзыдэнцкія ахоўнікі былі вымушаныя выпусьціць апазыцыянэраў
на свабоду. Суд над імі адбудзецца ў пятніцу. Вось як пракамэнтаваў такое
нечаканае вызваленьне Цімох Дранчук:
(Дранчук: ) “Мне здаецца, што зараз вось нейкі такі пэрыяд, што Лукашэнка
ўсё ж спадзяецца на нейкі дыялёг з апазыцыйнымі палітыкамі. Яны яму ўжо
далі адмову, і таму сваімі радыкальнымі дзеяньнямі ён ня хоча яшчэ раз
перакрэсьліць свае ж намаганьні наладзіць перамовы”.
Гэта быў адзін з арганізатараў сёньняшняга несанкцыянаванага пікету
ля адміністрацыі Лукашэнкі Цімох Дранчук.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1