Аляксандар Лукашэнка загадаў да верасьня навесьці парадак у беларускім
войску. Паводле Лукашэнкі, у вайсковых частках дрэнна з дысцыплінаю і ня
ў лепшым стане вайсковая тэхніка. Гэтыя ды іншыя праблемы беларускага войску
разглядаліся сёньня пад час адмысловае нарады ў кіраўніка Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў правесьці агляд усяго беларускага войску.
Ён мае намер зрабіць гэта праз паўгады, на пачатку восені, а за гэты час
раіць генэралам навесьці ў вайсковых частках парадак.
Пра стан справаў у войску Лукашэнка сказаў, што ён ня згодны, быццам
там развал, але пагадзіўся, што праблемаў хапае. Перш за ўсё кіраўнік Беларусі
загадаў палепшыць дысцыпліну ды прывесьці ў парадак зброю і вайсковую тэхніку.
“Калі хаця б адзін аўтамат ці пісталет будзе ў верасьні не гатовы да бою,
я ўжо не кажу пра бранятэхніку, то сядзеце у турму”, – гэтак, згодна з
агэнцыяй “Інтэрфакс”, папярэдзіў Лукашэнка кіраўніцтва Міністэрства абароны.
Зьвестак пра тое, чаму менавіта верасень абраны пэрыядам баягатоўнасьці,
крыніцы, якія ўдзельнічалі у нарадзе, не паведамляюць.
Паводле прэсавых службаў Рады Бясьпекі й Міністэрства абароны, пад час
паседжаньня шмат гаварылі пра заробкі вайскоўцаў. Лукашэнка пагадзіўся,
што беларускія вайскоўцы атрымліваюць няшмат, што пэўная частка афіцэраў
нават звальняецца. “Вы, пэўна забылі, што такое – служыць на Кушцы ці ў
Забайкальскай вайсковай акрузе… І на вайну мы сваіх вайскоўцаў не пасылаем”,
– гэтак апраўдваў Лукашэнка нізкі ўзровень заробкаў беларускіх афіцэраў
у параўнаньні з расейскімі.
У выніку, згодна з крыніцамі, Лукашэнка даў зразумець, што вайскоўцам
ня варта разьлічваць на падвышэньне заробкаў да расейскага роўню й нават
не абяцаў невялікае прыбаўкі ў блізкай будучыні. Толькі зазначыў, што ў
прынцыпе гатовы разглядаць пытаньні грашовага забесьпячэньня, але спачатку
дзейных афіцэраў, а толькі потым вайсковых пэнсіянэраў.
Па камэнтар да вынікаў сёньняшняй нарады я зьвярнуўся да былога міністра
абароны Беларусі Паўла Казлоўскага. Ён выказаў абурэньне тым станам, у
якім сёньня апынулася беларускае войска, і наўпрост зьвязаў гэты стан з
палітыкаю Лукашэнкі. “Калі ўзяць тыя ж заробкі, то тут справы за апошнія
гады толькі пагоршаліся”, – зазначыў былы міністар.
Паводле Казлоўскага, беларускія вайскоўцы атрымліваюць непараўнальна
менш за ўсіх суседзяў: у 7-10 разоў менш за польскіх афіцэраў, у 2-3 разы
менш за расейцаў і нават на 20-30 адсоткаў – за ўкраінцаў. “Летась грашовы
фактар спрычыніўся да ледзь не паловы звальненяў з войску”, – лічыць Павал
Казлоўскі.
На ягоную думку, калі не падвысіць заробак хаця б на 30-40 адсоткаў,
звольняца і яшчэ некалькі тысячаў малодшых і сярэдніх афіцэраў, і гэтую
страту зкампэнсаваць будзе немагчыма. А значыць, баяздольнасьць войску
зьнізіцца да непрымальнага роўню, – мяркуе Казлоўскі.
На ягоную думку, кіраўнікам краіны нельга ня ўлічваць настроі афіцэраў.
“У войску ж ўсе ведаюць, што афіцэры службы бясьпекі Лукашэнкі атрымліваюць
у два разы больш. Нават міліцыянты зарабляюць на 50 адсоткаў болей за вайскоўцаў.
Бюджэт Міністэрства абароны – каля 80 мільярдаў, Міністэрства нутраных
справаў – ледзь не ўдвая больш – 140 мільярдаў. Гэта красамоўна сьведчыць,
каму аддадзеная перавага й хто больш атрымлівае дапамогі”, – кажа Казлоўскі.
Адносна будучае праверкі баягатоўнасьці пісталетаў і аўтаматаў былы
міністар заявіў: “Замяніць дэтальку ў пісталеце няцяжка, а вось што рабіць
з 80 адсоткамі самалётаў, якія наляталі ўвесь рэсурс? Чым замяніць 60 тысячаў
акумулятарных батарэяў, безь якіх не паедзе ані танк, ані БТР? Праблемы
войску значна цяжэйшыя, але я пакуль ня бачу, каб да іх ставіліся па-сапраўднаму
сур’ёзна”, – лічыць былы міністар абароны Павал Казлоўскі.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1