Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Стварэньне помніку зьніклай дэмакратыі” – так называецца артыкул Патрыка Тайлера ў газэце The New York Times, прысьвечаны памяці Генадзя Карпенкі й дэмакратыі ў Беларусі.

Скульптар Іван Місько месяцамі скробаў, шпакляваў і мадуляваў, дадаючы да скульптуры Генадзя Карпенкі нешта, каб адпаведна перадаць ягоны высокі лоб навукоўца, рашучую сківіцу лідэра і, перадусім, накіраваны ўперад позірк харызматычнага палітыка, які ўзіраецца ў беларускую будучыню.

Адданы сябра Генадзя Карпенкі, фізыка й палітыка, спадар Місько гэтай вясной адліў сваю работу ў гіпсе, а затым у бронзе. Скульптар адзначыў, што працуе бясплатна. Цяпер работа амаль гатовая да адкрыцьця на магіле Карпенкі, а цырымонія, заплянаваная на ліпень, будзе значэннай палітычнай падзеяй у гэтай аўтарытарнай дзяржаве, – піша Патрык Тайлер.

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзь Карпенка, які раптоўна памёр 6 красавіка 1999 году, быў адным з самых небясьпечных людзей у Беларусі – лідэрам апазыцыйных сілаў, якія намагаюцца адстаўкі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, – піша The New York Times.

Мэдыкі гавораць, што прычынаю сьмерці стаў інсульт, аднак у ягонай сям’і ёсьць сумненьні: “Ад самага пачатку я падазравала, што яго нейкім чынам забілі”, – сказала ягоная жонка Людміла. – “І калі празь месяцы сталі зьнікаць іншыя лідэры апазыцыі, гэта пацьвердзіла падазрэньні”.

У якасьці жэсту павагі да таго, як Карпенка бараніў дэмакратыю, амэрыканскі амбасадар Дэніэл Спэкгард у мінулым годзе наведаў магілу Карпенкі разам зь Людмілай Карпенкай.

Пасьля пахаваньня ціск на сям’ю не паменшыўся. Сын Карпенкі Зьміцер страціў працу ў дзяржаўнай установе і ягоную сям’ю дагэтуль перасьледуюць службы аховы Лукашэнкі. “Я баюся за сваіх дзяцей”, – гаворыць спадарыня Карпенка. – “Яны ня маюць будучыні ў гэтай краіне. Мы зьбіраемся паставіць помнік Генадзю, а пасьля плянуем пакінуць Беларусь. Тут жыць вельмі цяжка”.

Афіцыйны савецкі мастак, Місько вялікую частку жыцьця аддаў, каб ушанаваць памяць пра касманаўтаў ці іншых герояў сацыялістычнае працы. Ягоная студыя, што знаходзілася ў шматдрэўным двары, была музэям сацыялістычнага рэалізму, створанага за часам камунізму і стыля, які Сталін разглядаў як найлепшы спосаб прымусіць мастатцва служыць таталітарнай дзяржаве. Гэта стала дзяржаўнай палітыкаю ў 1932 годзе – годзе нараджэньня Місько.

Шыракагруды скульптар, які рэзьбаваў профіль прэзыдэнта Клінтана для памятнага мэдалёну ў часе яго візыту ў Беларусь у 1994 годзе, Місько мог стаць апошнім, хто мог сказаць, што ён далучаны да палітыкі сваім мастацтвам. Але бюст Карпенкі, безумоўна, акт бунту супраць аўтарытарызму, які зараз пануе пры Лукашэнку, паклоньніку Сталіна й савецкай эпохі.

“Я раблю гэта бясплатна”, – сказаў Місько, чые кучмы валасоў і гульлівыя вочы заўсёды дэманструюць болей, чым ён гаворыць. – “Я не раблю гэтага для грошай – больш за тое, за гэта ніхто ня хоча плаціць. Сям’я ня мае грошай, няма каму загадаць, асабліва не дзяржава… Карпенка доўгі час быў маім сябрам”, – сказаў Місько.

Калі на мінулым тыдні рабіўся бюст у бронзе, твар Карпенкі ў гліне дамінаваў у студыі Місько, дэманструючы, што скульптар схапіў сказанае сябрамі пра Карпенку – ціхая рашучасьць чалавека, які менш як год назад аб’яднаў апазыцыйныя партыі ў краіне і рыхтаваў прэзыдэнцкія выбары, якія аспрэчваюць Лукашэнкаву легітымнасьць.

Прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі завяршыўся ў мінулым ліпені, – нагадвае The New York Times. – Тым ня менш ён працягвае кіраваць пасьля таго, як зьмяніў Канстытуцыю.

Адкрыцьцё мэмарыялу Генадзя Карпенкі прызначанае на час пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які адбудзецца 2 ліпеня ў сталіцы Беларусі. Калі Лукашэнка не забароніць Кангрэс, форум мяркуе аб’яднаць усю апазыцыю для новага выкліку прэзыдэнту.

На думку бальшыні палітычных аналітыкаў Беларусі, каб Карпенка быў жывы, ён мог бы быць галоўным канкурэнтам Лукашэнку. Газэта The New York Times спасылаецца на словы сябры Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Яўгена Агурцова, які сьцьвяраджае, што без Карпенкі апазыцыя ня можа прапанаваць прыймальнага лідэра.

Сьмерць Генадзя Карпенкі была многімі ўспрынятая з глыбокім жалем, – піша газэта.

Журналістка Ірына Халіп заўважыла, што ўсе палітычныя лідэры, хто мог прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта, – або памерлі пры нявысьветленых абставінах, як Карпенка, або зьніклі. Але – цытуе Патрык Тайлер Ірыну Халіп, вялікая памылка, калі Лукашэнка адчувае сябе ў бясьпецы, таму што новы лідэр усё роўна зьявіцца…

Так, як зьявіўся Карпенка.

Вольга Караткевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG