23 чэрвеня ў Менску адбыўся сход заснавальнікаў асацыяцыі
“Цэнтральная Расея”, у якім акрамя расейцаў узялі ўдзел кіраўнікі “вэртыкалі”
Менску, Магілеўскай, Віцебскай, Гомельскай і Менскай абласьцей.
Асацыяцыя “Цэнтральная Расея” была заснаваная ў канцы 90-га году 12-цю
суб’ектамі Расейскае Фэдэрацыі. Летась у яе склад увайшлі чатыры ўсходнія
беларускія вобласьці й Менск. Гэта стала, так бы мовіць, “апафеозам” лукашэнкавай
палітыкі яднаньня з расейскімі рэгіёнамі. І вось цяпер упершыню заснавальнікі
гэтай асацыяцыі на свой сход сабраліся ў беларускай сталіцы.
Уваходжаньне беларускіх абласьцей у “Цэнтральную Расею” выглядае як
геаграфічны анэкдот, а абмеркаваньне ў нас вострых расейскіх праблемаў
– ужо як палітычная некарэктнасьць. У прыватнасьці, паводле словаў губэрнатара
Яраслаўскае вобласьці Анатоля Лісіцына, важнейшым пытаньнем парадку дня
паседжаньня заснавальнікаў “Цэнтральнай Расеі” ў Менску, зьяўляецца пункт
пра праект бюджэту Расейскае Фэдэрацыі на 2001 год.
“Белорусская деловая газета” паведаміла, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер
Пуцін нэгатыўна выказаўся адносна правядзеньня падобнае сустрэчы ў Менску.
Магчыма, таму і Аляксандар Лукашэнка адмовіўся асабіста павітаць удзельнікаў
сходу, хаця ў парадку дня ягоны выступ быў ці ня першым. Замест яго прывітаньне
расейскім губэрнатарам і беларускім “вэртыкальшчыкам” перадаў віцэ-прэм’ер
Леанід Козік.
Увогуле, калі беларускі бок быў прадстаўлены кіраўнікамі абласьцей,
дык ад Расеі прыбылі толькі губэрнатары Яраслаўскай і Тульскай абласьцей
Лісіцын ды Старадубцаў. Астатнія прыслалі замест сябе другіх-трэціх асобаў.
Расейскі ўрад быў прадстаўлены ня віцэ-прэм’ерам Хрыстэнкам, як чакалася,
а міністрам у справах нацыянальнасьцяў ды рэгіёнаў, намесьнікамі міністраў
фінансаў і транспарту.
Расейскія губэрнатары цяпер перажываюць нялёгкі час выстройваньня ў
пуцінскую ўладную “вэртыкаль”. З гэтае нагоды беларускі прэм’ер Уладзімер
Ярмошын, які прымаў землякоў у Доме ўраду, зазначыў, што ён “душэўна ставіцца”
да Цэнтральнае Расеі, але цяпер пабойваецца, як бы з умацаваньнем цэнтральнае
расейскае ўлады не страціла свой уплыў асацыяцыя “Цэнтральная Расея”, у
выніку чаго яе беларускім партнэрам “давядзецца прапаўзаць там, куды раней
ужо праклалі шлях”… У адказ з расейскага боку сумна прагучала пацьверджаньне
такіх тэндэнцыяў.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1