Саміт кіраўнікоў краніаў СНД, які прайшоў учора ў Маскве, ня дазваляе
сьцьвярджаць, што прагматычная пазыцыя новага гаспадара Крамля прымусіла
Лукашэнку адмовіцца ад плянаў аб’яднаньня з Расеяй.
Сярод вынікаў саміту кіраўнікоў краінаў СНД, які прайшоў учора ў Маскве,
назіральнікі ставяць на першае месца Заяву ў справе падтрыманьня стратэгічнай
стабільнасьці і падтрымку ратыфікацыі Расеяй Дамовы СНУ-2, аб забароне
ядзерных выпрабаваньняў і пакету пагадненьняў у справе супрацьракетнай
абароны.
Сапраўды, найбольш канкрэтныя дасягненьні апошняга саміту палягаюць
менавіта ў сфэры таго, што завецца рэгіянальнай бясьпекай у межах СНД.
Менавіта на гэта зьвяртае сёньня ўвагу ўплывовая амэрыканская газэта Wall
Street Journal, адзначаючы, у прыватнасьці, што прычынай стварэньня агульнага
антытэрарыстычнага цэнтру ёсьць актывізацыя экстрэмісцкіх праісламскіх
рухаў у Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне.
Але існуюць і яшчэ некалькі, магчыма, менш эфэктных, але істотных рашэньняў.
Гэта, найперш – фактычнае стварэньне аб’яднаньня, якое атрымала назоў
“каўказскай чацьвёркі”. І хаця яно адбылося фармальна па-за межамі саміту
– на сустрэчы прэзыдэнтаў Азэрбайджану, Арменіі, Грузіі і Расеі – аднак,
відавочна, што ў іншым месцы яно магло б быць вельмі праблематычным. Мэта
“чацьвёркі” – урэгуляваньне канфліктаў на Каўказе, у тым ліку і праз эканамічнае
і гуманітарнае супрацоўніцтва. Расея не хавае, што імкнецца адыграць тут
ключавую ролю і скласьці канкурэнцыю Турэччыне, якая ўзмацняе свае пазыцыі
ў гэтым рэгіёне.
Па-другое, сёньня стала вядома і пра тое, што шэраг краінаў СНД маюць
намер падпісаць сумеснае з Расеяй пагадненьне аб асноўных прынцыпах ваенна-тэхнічнага
супрацоўніцтва паміж краінамі – удзельніцамі сыстэмы калектыўнай бясьпекі.
Гэта – Расея, Казахстан, Арменія, Кіргізія, Таджыкістан і Беларусь. У чым
палягае інтарэс Расеі, якая няспынна заяўляе пра зоны ўласных інтарэсаў
на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі, зразумела. Аднак, удзел Беларусі ў альянсе
з краінамі, якія тым альбо іншым чынам уцягнутыя ў гарачыя лякальныя канфлікты,
выглядае сумнеўным.
Якія ж вынікі мела маскоўская сустрэча для Беларусі?
Заўчора супрацоўнік нашага радыё Юры Дракахруст выказаў меркаваньне,
што Масква можа і не падтрымаць спадзяваньні Лукашэнкі на стварэньне “вольнай
зоны гандлю”. І сапраўды – Расея абавязалася рэалізаваць асноўныыя прынцыпы
такой зоны да 1 ліпеня будучага году, прычым, як расчаравана заўважыў Лукашэнка,
“зь мінімальнымі для сабе стратамі”. Нагадаем, што Расея, нароўні з Грузіяй,
да гэтага часу не ратыфікавала адпаведнае пагадненьне. Паводле пратаколу,
падпісанага летась 2 красавіка на аналягічным саміце кіраўнікоў дзяржаваў
СНД, прадугледжвалася скасаваньне ўсіх мытаў, а таксама падаткаў на ўвоз
і вываз тавараў празь межы краінаў-удзельніцаў зоны, што, адпаведна, вымагае
ўніфікацыі мытнага заканадаўства. Пакуль што гэтага не адбылося. І адбудзецца,
у лепшым выпадку, праз год.
Можна сказаць, што паняцьце “праз год” у межах такой даволі аморфнай
структуры, як СНД – тоеснае паняцьцю “ніколі”. Ня будзе таксама вялікай
памылкай лічыць, што і ўчорашняе “забавязаньне” Расеі можа быць забытае
Крамлём ўжо сёньня.
Аднак можа існаваць і іншае меркаваньне. Пагадненьне пра агульную вольную
зону гандлі ратыфікавалі 10 дзяржаваў з 12 , што пацьвярджае істотнасьць
гэтай праблемы для краінаў СНД. І наўрад ці Масква ў такіх варунках
пойдзе на выклік партнерам, хаця, зразумела, інтарэсы Расеі будуць
у любым выпадку захаваныя. Учора Лукашэнка сказаў, што алдмоўны
адказ Расеі ў пытаньні вольнай зоны азначаў бы фактычны развал СНД, і гэта
той выпадак, калі зь ім можна пагадзіцца.
Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт. Прыгадаем, як сем гадоў таму тагачасны прэм’ер
Беларусі Вячаслаў Кебіч заяўляў пра стварэньне “адзінай рублёвай зоны”
– “вось ужо праз два тыдні”, “у наступным месяцы”, “да Новага году”. Сёньня
зразумела, што падобныя выказваньні адносна даволі складанай і грувасткай
справы мелі папулісцкі характар. І зусім іншае – калі стварэньне адзінай
грашовай сыстэмы плянуецца праз пяць гадоў. Вось у такім выпадку гэта выглядае
вельмі рэальным і нясе сур’ёзную пагрозу эканамічнай самастойнасьці беларускай
дзяржавы.
І, як вядома, стварэньне адзінай валюты Беларусі і Расеі якраз і прымеркаванае
на 2005 год. Зрэшты, пра стварэньне нечага новага можна казаць толькі адносна
– Лукашэнка пасьля ўчорашняй сустрэчы з Пуціным яшчэ раз пацьвердзіў, што
гатовы прыняць расейскі рубель у якасьці адзінага плацежнага сродка.
Такім чынам, пакуль што падаецца зарана казаць пра тое, што прагматычная
пазыцыя новага гаспадара Крамля прымусіла Лукашэнку адмовіцца ад плянаў
аб’яднаньня з Расеяй.
Дарэчы, ўчора меў месца адзін паказальны эпізод. На сустрэчы з супрацоўнікамі
маскоўскага Цэнтру сардэчна-сасудзістай хірургіі імя Бакулева Лукашэнка
ў чарговы раз выкарыстоўваў традыцыйную рыторыку, заявіўшы, што “не адыйдзе
Беларусь ад сваёй, ад нашай Расеі. Такой вялікай нацыі больш у сьвеце няма.”
Магчыма, пасьля гэтых словаў лекары чакалі пачуць словы пра Талстога, Чайкоўскага,
Рахманінава, ці, нарэшце пра Паўлава і Вішнеўскага, – постацяў, якія сапраўды
зрабілі б гонар любой нацыі, аднак, Лукашэнка адразу ж вызначыў, што ён
разумее пад “вялікай нацыяй “:“Я маю на ўвазе савецкага чалавека”, – заявіў
менскі госьць.
Такое імкненьне абсалютызаваць тое, што выклікае ў сьвеце асацыяцыі
з таталітарызмам, адсталасьцю, “халоднай вайной” , духоўнай і эканамічнай
дэградацыяй – несумяшчальнае з інтэграцыяй у Эўропу, што абіраюць за мэту
ўсё больш лідараў краінаў СНД.
Сяргей Навумчык
Самае папулярнае
1