20 чэрвеня на пашыраным паседжаньні савету “Палаты прадстаўнікоў” вырашана
ўнесьці ў парадак дня сэсіі прапановы адносна ўдасканаленьня Выбарчага
кодэксу, што паступілі ад Аляксандра Лукашэнкі на падставе рэкамэндацыяў
гэтак званага “грамадзкага дыялёгу”. 22 чэрвеня гэтыя папраўкі будуць разгледжаныя
на пленарным паседжаньні “Палаты прадстаўнікоў”. Але сам праект фактычна
не прадугледжвае асаблівае дэмакратызацыі вабарчага працэсу.
Аляксандар Лукашэнка абраў форму тэрміновага звароту да “Палаты прадстаўнікоў”,
таму чакаецца, што 22 чэрвеня там разгледзяць папраўкі ў Выбарчы кодэкс
адразу ў двух чытаньнях і што аніякіх уласных зьменаў у прапанаваны заканапраект
не ўнясуць.
Даты разгляду гэтага праекту, відаць, выбраныя невыпадкова, а прымеркаваныя
да чарговага візыту ў Менск эўрапейскае парлямэнцкае “тройкі”. Аднак плён
ад гэтых намаганьняў улады выклікае сумнеў, паколькі ў сам праект зьмяненьняў
і дапаўненьняў Выбарчага кодэксу Лукашэнкам уключаны далёка ня ўсе і далёка
ня самыя важныя з тых прапановаў, на якіх настойвалі экспэрты з “грамадзкага
дыялёгу”. Не кажучы ўжо пра патрабаваньні апазыцыйных партыяў. Лукашэнка
ўключыў у свой праект толькі 10 з прапанаваных ад імя “дыялёгу” 17 палажэньняў.
Пад час паседжаньняў “дыялёгу” найбольш актыўна дамагалася стварэньня
больш справядлівых і празрыстых умоваў выбараў адзіная прадстаўніца апазыцыі
сакратарка Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў Алена Скрыган. Паводле
ейных словаў, самымі важнымі зьяўляюцца палажэньні пра рэзэрваваньне за
палітычнымі партыямі трэцяй часткі складу выбарчых камісіяў, пра памяншэньне
планкі яўкі выбаршчыкаў да 25 адсоткаў, пра права назіральнікаў атрымліваць
завераныя копіі пратаколаў вынікаў галасаваньня і пра адмену датэрміновага
галасаваньня.
Гэтыя палажэньні як раз і не ўвайшлі ў лукашэнкавы праект. На паседжаньні
савету “Палаты прадстаўнікоў” адзін з дэпутатаў Пятро Жушма ўсё ж выказаў
сваю занепакоенасьць, што палажэньне пра рэзэрваваньне аднае траціны месцаў
для палітычных партыяў у выбарчых камісіях ды іншыя палажэньні вельмі прынцыповыя,
і іх выключэньне з гэтага заканапраекту дае падставы апазыцыі далей ігнараваць
і “дыялёг”, і самі выбары, называючы іх недэмакратычнымі. Анатоль Красуцкі
на гэты конт зазначыў, што гэта вынік кампрамісу грамадзкасьці і ўлады,
і што гэтае пытаньне трэба лічыць закрытым.
Алена Скрыган, якая ўдзельнічала ў “дыялёгу” й спадзявалася на станоўчы
плён сваіх намаганьняў, так ацэньвае сытуацыю:
(Скрыган: ) “Былі спадзяваньні, што будуць прынятыя гэтыя папраўкі.
Калі яны не прынятыя – гэта сьведчыць аб тым, што ўлада баіца правесьці
чэсныя выбары. Таму, што ўсе вось гэтыя пытаньні, якія зьвязаныя з фармаваньнем
камісіяў і тэрмінамі галасаваньня і па галасаваньням па месцы знаходжаньня
ў дзень выбараў, - можа яны й добрыя для іншых краінаў усе гэтыя пытаньні,
але практыка прымяненьня законаў у нашай краіне, выбарчага заканадаўства,
сьведчыць аб тым, што ёсьць такія месцы, дзе магчымыя фальсыфікацыі. Гэта
значыць, што выбары будуць зфальсіфікаваныя па ўсіх напрамках, што чэсных
і справядлівых выбараў ня будзе. Улада ў іх не зацікаўленая, улада іх баіцца”.
Гэта была сакратарка Партыі камуністаў Алена Скрыган. Удзельнічаць ці
ня ўдзельнічаць ейнае партыі ў выбарах у такіх умовах, будзе вырашаць пленум,
што пройдзе 24 чэрвеня. Астатнія апазыцыйныя партыі прымуць супольнае рашэньне
пра ўдзел ці няўдзел у выбарах на Кангрэсе дэмакратычных сілаў 2 ліпеня.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1