На Гарадзеншчыне да апошніх дзён працягваецца перасейваньне зьнішчаных
замаразкамі палеткаў. На сёньняшні дзень перасеена 54.000 гектараў, зьнішчана
было на 20.000 болей. У шасьці раёнах загінула да паловы ўсіх азімых…
Агулам зьнішчаных і пашкоджаных палеткаў 154.000 гектараў, гэта больш
за чвэрць ад ўсяе яе плошчы. Ніхто ня можа дакладна сказаць, колькі каштавала
паўторнае перасяваньне. Становішча ў сельскай гаспадарцы ў вобласьці ўвогуле
вельмі напружанае.
Ад пачатку месяца ад кожнай каровы атрымана на кіляграм малака меней,
чым ўлетась, а з кармамі па ранейшаму цяжка. Зь першага укосу атрымалі
толькі 14% ад гадавой патрэбы. Паводле сьведчаньня спэцыялістаў, азімыя
сасьпеюць на месяц раней, увогуле жніво распачнецца як мінімум на два тыдні
раней ад звычайнага, а камбайнаў адрамантавана толькі 23, хаця рамантуюць
іх з восені.
У некаторых раёнах улады абвяшчаюць ледзьве не надзвычайнае становішча.
Ў Іўеўскім афіцыйны працоўны дзень ў калгасах зацьверджаны ад 6 раніцы
да 22 вечара. Ва ўсіх прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Іўя атрымана
распараджэньне райвыканкаму: кожны працаўнік павінен нарыхтаваць па 500
кіляграмаў кармоў для калгаснай жывёлы, ў калгасах норма на чалавека падвоеная
- па тоне кармоў.
Нормы гэтыя павінны быць выкананыя да першага ліпеня, улады далі каманду
закупіць для раёна ўтрохдзённы тэрмін 500 кос і столькі ж мянташак, і яшчэ
200 грабляў, пры гэтым усе кіраўнікі асабіста папярэджаны, што на пэрыяд
нарыхтоўкі кармоў ім забаронена пакідаць тэрыторыю раёну без дазволу старшыні
райвыканкаму Дуніча.
І людзі мусяць працаваць, ёсьць факты, калі на камбайны сядалі пэнсыянэры,
між іншым ў трыццатай часцы калгасаў своечасова не выплочваюцца заробкі,
людзі жывуць бедна. На Чэрвеньскай сэсіі Ваўкавыскага раённага савету дэпутатаў
былі названыя наступныя факты: ў вёсцы Цярэшкі гэтага раёну за цэлы месяц
красавік было куплена ў краме па тры буханы хлеба на жыхара і ўсяго адзін
кіляграм масла, таксама адзін кіляграм каўбасы на ўсіх, а ў вёсцы 81 жыхар.
На дзень атрымліваецца па 100 грамаў на чалавека. Праўда ў дзьвух іншых
вёсках жыхарам дазваляецца па чатыры буханы – на адзін больш.
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1