Высновы навуковага камітэту ААН у вывучэньні эфэкту атамнае радыяцыі
наконт наступстваў Чарнобыльскае катастрофы камэнтуе старшыня фонду “Дзеці
Чарнобыля” Генадзь Грушавы…
Прэзыдэнт фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы ў сваім камэнтары
да дакладу навуковага камітэту ААН падкрэсьліў, што гэтая ААН’аўская ўстанова
абапіраецца ў сваіх дасьледваньнях на стандарты ядравае бясьпекі, усталяваныя
Міжнароднай агэнцыяй атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ).
Такім чынам, – лічыць Грушавы, – адна ўстанова абараняе інтарэсы другой,
зусім не зацікаўленай у тым, каб сьвет даведаўся пра сапраўдныя наступствы
аварыі на Чарнобыльскай АЭС…
(Грушавы: ) “Гэта азначае, што ўсе навуковыя дасьледаваньні фінансуюцца,
падпарадкоўваюцца стратэгічным тэхналёгіям, якія напрацаваныя ядзерным
лёбі”.
Прафэсар Грушавы сьцьвярджае, што ў сьвеце існуе падзел паміж навукоўцамі
на тых, якія падтрымліваюць пазыцыю МАГАТЭ і ядравага лёбі наконт нязначнасьці
наступстваў Чарнобыльскае катастрофы, і тых, хто адстойвае іншы пункт гледжаньня.
Сярод гэтае плыні пераважна навукоўцы зь Беларусі, Украіны, Расеі ды іншых
краінаў СНД, але далучыліся да іх і многія заходнеэўрапейскія спэцыялісты.
(Грушавы: ) “Напрыклад, прафэсар Коляйн – старшыня Камітэту радыяцыйнай
бясьпекі Нямеччыны – неаднойчы афіцыйна заяўляў, друкаваў вынікі сваіх
навуковых дасьледаваньняў пра тое, насколькі небясьпечна ўзьдзеяньне малых
доз радыяцыі на здароўе чалавека”.
Асабліва абураецца прафэсар Грушавы той часткаю дакладу камітэту ААН,
у якой уплыў Чарнобылю на агульны радыяцыйны фон ацэньваецца як мізэрны
ў параўнаньні зь іншымі фактарамі, і на гэтай падставе робіцца выснова,
што Чарнобыль для сьвету не ўяўляе небясьпекі.
(Грушавы: ) “Гэта прыкладна так: калі ў аднаго чалавека тэмпэратура
40 градусаў, а ў тысячы – 36.5, то фундамэнтальна сярэднестатыстычная тэмпература
–36.5.1. А тое, што адзін памірае, гэтага статыстычная мэтода ня ўлічвае.
Канкрэтныя крокі не цікавяць. Тое, што адбываецца на тэрыторыі Нароўлі,
напрыклад, ці вёскі Баравая. Усё абагульняецца, туды далучаюцца тысячы
і тысячы вёсак, у якіх сытуацыя іншая. Вось і атрымліваецца – на тысячную
долю працэнта падвысілася небясьпекі. Калі ж мы будзем гэта ўлічваць ня
ў межах 100 тысячаў чалавек, якія жывуць на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы,
а ў межах 100 тысячаў, якія жывуць на тэрыторыі Гомельскай вобласьці, гэта
будуць лічбы ў тысячы разоў іншыя”.
Ацэньваючы даклад навуковага камітэту ААН Генадзь Грушавы зьвяртае ўвагу
на тое, што можа адбыцца ў будучыні, калі й Беларусь будзе пагаджацца з
такімі ацэнкамі ААН’аўскіх спэцыялістаў…
(Грушавы: ) “Гэта гульня, якая, я думаю, наўмысна вядзецца, каб адчыніць
шлях да разьвіцьця атамнай энэргетыкі надалей”.
Прэзыдэнт фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы не выключае, што гэтая
ідэялягічная падрыхтоўка для будаўніцтва ў Беларусі атамных станцыяў і
сховішчаў радыяцыйных адкідаў.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1