Адзін зь лідэраў сэрбскай апазыцыі Вук Драшкавіч быў паранены ўчора
позна ўвечары ў выніку ўзброенага замаху. Гэта адбылося на Адрыятычным
ўзьбярэжжы ў Чарнагорыі, куды палітык выехаў на два дні на вакацыі. Цяпер
вакол дома, дзе спыніўся Драшкавіч, дзяжураць моцна ўзброеныя чарнагорскія
паліцыянты…
Як паведамляюць міжнародныя агенцтвы, Вук Драшкавіч быў у доме адзін
і глядзеў тэлевізар, калі ў яго пачалі страляць з аўтаматычнай зброі праз
вакно, якое выходзіць ў сад. Усяго было выпушчана восем куляў. Дзьве зь
іх трапілі Драшкавічу ў голаў і ў вуха.
“Аднак, абедзьве раны аказаліся лёгкімі, ” – паведаміў адвакат Драшкавіча
Огнен Прыбішавіч. Паводле ягоных словаў, Драшкавіч адразу быў дастаўлены
ў шпіталь, які пакінуў усяго праз тры гадзіны. Са шпіталю ён патэлефанаваў
сваёй жонцы, і ёй давялося сьпешна выехаць з Белграду ў чарнагорскі горад
Будва, дзе адпачываў яе муж.
Газэта New York Times нагадвае ў сёньняшняй публікацыі на гэтую тэму,
што лідэр самай буйной апазыцыйнай партыі – Сэрбскага Руху Адраджэньня
Вук Драшкавіч выступае адным з галоўных апанэнтаў прэзыдэнта Югаславіі
Слабадана Мілошавіча.
Нядаўна Драшкавіч ачоліў кампанію за датэрміновыя выбары з мэтай адхіленньня
Мілошавіча ад улады.
Нягледзячы на сваю папулярнасьць, Драшкавічу, аднак, не ўдалося зарганізаваць
масавай падтрымкі на вуліцах сэрбскіх гарадоў цягам апошніх месяцаў альбо
заручыцца цьвёрдай падтрымкай іншых лідэраў апазыцыі.
У мінулым месяцы урад зачыніў прыватную тэлестанцыю Студыя-Б, зьвязаную
з Рухам адраджэньня. У мэтах бясьпекі Драшкавіч тады зьехаў у Чарнагорыю,
якая ўваходзіць у склад Югаслаўскае фэдэрацыі, дзе папрасіў абароны ў чарнагорскага
прэзыдэнта Міла Джуканавіча.
Драшкавіч вярнуўся ў Белград, калі ягоныя прыхільнікі зарганізавалі
мітынгі пратэсту супраць закрыцьця Студыі Б, а потым паехаў па дапамогу
ў Маскву, якая працягвае падтрымліваць шчыльныя сувязі з Мілошавічам –
піша New York Times.
31 траўня, у дзень вяртаньня Драшкавіча з Масквы, ягоная ахова был арыштаваная
ў Белградзкім аэрапорце. У той самы дзень у сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы
быў забіты дарадца службы бясьпекі прэзыдэнта Джуканавіча Горан Зугіч.
Драшкавіч увесь час абвінавачвае ўлады ў спробах забіць яго.
Летась у аўтамбільнай аварыі загінулі стрыечны брат Драшкавіча і ягоны целаахоўнік. Драшкавіч сьцвярджае, што грузавік, што наехаў на іхны аўтамабіль, насамрэч павінен быў забіць яго разам з жонкай, якія ехалі сьледам. Сэрбская апазыцыя таксама абвінавачвае ўлады ў сэрыі забойстваў у Белградзе, улучна зь нядаўнім забойствам міністра абароны Паўле Булатавіча. Падрыхтаваў Віталь Тарас
Летась у аўтамбільнай аварыі загінулі стрыечны брат Драшкавіча і ягоны целаахоўнік. Драшкавіч сьцвярджае, што грузавік, што наехаў на іхны аўтамабіль, насамрэч павінен быў забіць яго разам з жонкай, якія ехалі сьледам. Сэрбская апазыцыя таксама абвінавачвае ўлады ў сэрыі забойстваў у Белградзе, улучна зь нядаўнім забойствам міністра абароны Паўле Булатавіча. Падрыхтаваў Віталь Тарас