Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч
на сустрэчы за “круглым сталом” з прадстаўнікамі дзяржаўных і недзяржаўных
мас-мэдыяў акрэсьліў шлях, па якім Беларусь хоча весьці далейшую інтэграцыю
з Расеяй. Пры гэтым спадар Мясьніковіч заявіў, што сувэрэнітэт Беларусі
павінен захавацца ў поўным аб’ёме.
Міхал Мясьніковіч на гэтай сустрэчы адверг тэзу пра тое, што Беларусь
хутка ператворыцца ў восьмую акругу Расеі. Ён сказаў: “Незалежнасьць Беларусі
– гэта непарушнае, а сувэрэнітэт павінен захавацца ў поўным аб’ёме”. Але
літаральна праз хвіліну высьветлілася, што ў спадара Мясьніковіча йснуе
ўласнае ўяўленьне пра незалежнасьць і сувэрэнітэт. Ён лічыць, што цяпер,
калі ва ўсім сьвеце пануюць транснацыянальныя кампаніі, нельга разглядаць
сувэрэнітэт па-старому, як засьцянковы, які грунтуецца на натуральнай гаспадарцы.
Далей ён распавёў пра пляны далейшай інтэграцыі з Расеяй. Цікава, што
гэтым разам Міхал Мясьніковіч не ўжываў вядомыя штампы пра “славянскія
карані”, “непарушную дружбу” і гэтак далей. Ён сказаў, што саюз з Расеяй
патрэбны дзеля таго, каб беларускія прадпрыемствы мелі аднолькавыя з расейскімі
ўмовы гаспадараньня – і гэта першы этап інтэграцыі.
Другім этапам стануць выбары ў “Палату прадстаўнікоў” саюзнага парлямэнту.
Мясьніковіч сказаў, што беларускае кіраўніцтва ня ставіць пытаньне пра
тое, каб гэтае галасаваньне праходзіла адначасова з выбарамі ў “Палату
прадстаўнікоў” “Нацыянальнага сходу” Беларусі. Галоўнае, каб выбары адбыліся
ў адзін і той жа дзень у дзьвюх краінах. І гэта можа адбыцца ў першай палове
наступнага году.
Трэці этап – гэта распрацоўка дакумэнта, якому высокі чыноўнік даў назоў
“Канстытуцыйны акт”. Над ім будуць працаваць экспэрты абедзьвюх краінаў.
Прыняцьцё такога акту дасьць магчымасьць прыняць зьмяненьні ў Канстытуцыі
як Беларусі, гэтак і Расеі. Але, магчыма, такія зьмены ня будуць патрэбныя,
– дадаў Мясьніковіч.
Паміж другім і трэцім этапамі, на думку Мясьніковіча, патрэбна будзе
аформіць агульную або адзіную валюту, стварыць агульны або адзіны эмісійны
цэнтар.
Пад час сустрэчы спадар Мясьніковіч паінфармаваў пра сёньняшнія зьмены
ва ўладных структурах. У прыватнасьці, першы намесьнік Мясьніковіча Ўладзімер
Русакевіч вызвалены ад сваёй пасады. Ягонае новае працоўнае месца пакуль
невядомае. А першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі цяпер будзе Ўладзімер
Замяталін. Зьміцер Булахаў сёньня заняў вакансію Івана Каратчэні ў структурах
СНД, а былы прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Мікалай Барысевіч
прызначаны прэсавым сакратаром Аляксандра Лукашэнкі.
Не абыйшоў увагаю Міхал Мясьніковіч і стасункі паміж уладамі і палітычнай
апазыцыяй. Ён сказаў, што кіраўніку КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадару Віку
прапанавана, каб сябры “тройкі”, якая наведае Менск на будучым тыдні, прынялі
ўдзел у гэтак званым “шырокім грамадзкім дыялёгу”. Акрамя таго, афіцыйныя
ўлады хацелі, каб “тройка” сустрэлася зь лідэрамі ўсіх 18 партыяў, што
афіцыйна зарэгістраваныя цяпер у Беларусі. Паводле словаў Мясьніковіча,
адказу на гэтыя прапановы Ганс-Георг Вік пакуль ня даў.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1