Адзін з тых, хто яшчэ яскрава памятае канцэрт Забэйды-Суміцкага ў Менску
ў 1963 годзе, гэта старэйшы беларускі паэт Сяргей Грахоўскі. Сёньня адмыслова
для нашай праграмы ён згадвае пра гэты канцэрт, а таксама пра сваё далейшае
асабістае знаёмства са славутым земляком.
(Грахоўскі: ) “Мне ўпершыню давялося паслухаць Міхаіла Іванавіча, калі
яму ўпершыню дазволілі прыехаць у Менск і выступіць з канцэртам у 1963
годзе. Канцэрт быў прызначаны ў філярмоніі, але ніякіх рэклямаў не было.
Я хацеў дастаць білет – у касе кажуць, што білетаў няма. А заля напалову
пуставала. Праўда, кранальны вечар быў. Дзяўчаты з Маладэчна прывезьлі
і расклалі на сцэне сноп зялёнага жыта. Канцэрт праходзіў з выключным посьпехам.
Далей мне пашанцавала сустрэцца з Забэйдам у Празе. У 1967 годзе я трапіў
на юбілей клясыка чэскай паэзіі Петра Безруча, і ў Саюзе пісьменьнікаў
старшыня гэтага саюза (Чэхаславаччыны ў той час) Ян Козак мне сказаў: “А
Вам толькі што званіў Міхаіл Іванавіч Забэйда”. Я кажу: “Адкуль ён ведае,
што я тут?” “А былі ў газэтах надрукаваныя прозьвішчы ўсіх удзельнікаў
гэтага юбілею. Вось яго тэлефон”.
Я пазваніў, і мы цэлы тыдзень не разлучаліся зь ім. Яго ведала ўся Прага,
яму кланяліся старыя і малыя. Потым мы зь ім гадзінамі гулялі па славутым
Рыгровым парку, і раптам сеў яму на пінжак якраз насупраць сэрца вялікі
прыгожы матыль. Я спыніўся, стаў фатаграфаваць, і гэтая фатаграфія стала
даволі папулярнай.
Людзі кланяліся Забэйду. Ён быў вялікім майстрам сьпеву, вялікім майстрам
опэрнага мастацтва і, разам з тым, народнага фальклёру. Ён нідзе, у ніводным
канцэрце не абмінаў беларускіх песьняў.
Вялікі пакутнік. Пры панскай Польшчы яму пагражалі Картуз-Бярозай за
тое, што ён называе сябе беларусам, за тое, што ён заявіў: “Я нарадзіўся
беларусам, беларусам і памру”. Яму Варшаўская, Познанская опэры прапаноўвалі
самыя выгодныя ўмовы пры адной акалічнасьці – ніколі не гаварыць і не прызнавацца,
што ён беларус – хай ён лічыць сябе палякам. Ён адказаў: “Кім я нарадзіўся
– тым і памру”.
Самае папулярнае
1