Прычыны палітызаванасьці беларускага трэйцяга сэктару і расколу ў палітычных
партыях, кантэкст гэтых працэсаў камэнтуе Валер Карбалевіч.
(Карбалевіч: ) “Канфліктнасьць характэрная для талітарнага грамадзтва,
альбо для таталітарных структураў, якія могуць існаваць і ў дэмакратычным
грамадзтве. Вось асабліва амбіцыі лідэраў – яны разбуральныя ў невялікіх
арганізацыях.
Уменьне жыць паводле законаў дэмакратыі даецца цяжка. Гэта праблема
ня толькі для ўладных структураў, але і для грамадзянскай супольнасьці.
Узгадаем, як адбываўся раскол у Беларускім Народным Фроньце – са скандаламі,
запрашэньнямі міліцыянтаў і гэтак далей.
Ёсьць яшчэ адзін аспэкт – вялікая палітызаванасьць беларускага “трэйцяга
сэктару”. Калі ў партыях адбываецца канфлікт паводле палітычных матываў
– гэта зразумела і гэта натуральна. Але калі канфлікты адбываюцца ў грамадзкай
арганізацыі, як у тым жа БГК, то гэта спэцыфіка Беларусі. Таталітарны рэжым
імкнецца кантраляваць усе грамадзкія працэсы. Палітыкай становіцца амаль
усё – і праваабарончая дзейнасьць, і грамадзянская адукацыя, і гуманітарная
дзейнасьць. Успомнім, што здарылася з фондам “Дзеці Чарнобыля” Грушавога.
У ходзе гэтага дыялёгу так званага ўлады гвалтам заганяюць недзяржаўныя
арганізацыі ў палітыку, і гэтая праблема яшчэ будзе да таго часу пакуль
не адбудуцца парляманцкія выбары.
(Вядучая: ) “Тое, што падзяляюцца партыі блізкія ці аднолькавыя паводле
ідэялёгіі, такія скандалы ў недзяржаўных арганізацыях – ці ня ёсьць гэта
адной з прычынаў таго, што Аляксандар Лукашэнка гаворыць, што нашая апазыцыя
нямая, яна вельмі слабая?”
(Карбалевіч: ) “Сапраўды, гэта скарыстоўваецца ўладамі для дыскрэдытацыі
ня толькі апазыцыі, але й дэмакратыі наогул”.
(Вядучая: ) “Наколькі беларускай апазыцыі, альбо беларускаму дэмакратычнаму
руху ўдаецца ў замежжы прадстаўляцца й прэзэнтавацца, як аб’яднаным?”
(Карбалевіч: ) “З другой паловы 99-га беларускай апазыцыі ўдалося кансалідавацца
і ўдалося прадстаўляць, як аб’яднаную, апазыцыю ў адносінах з замежнымі
структурамі. І вось тыя дзеяньні, якія зьбіраецца зараз рабіць апазыцыя:
і Ўсебеларускі зьезд, і Кангрэс дэмакратычных сілаў – я думаю, што ўсё
ж такі гэта павінна ў вачах заходніх палітыкаў паказаць, што сапраўды беларуская
апазыцыя дастаткова кансалідаваная, нягледзячы на асобныя канфлікты ў невялікіх,
скажам так, арганізацыях.”
З Валерам Карбалевічам гутарыла
Вольга Караткевіч
Вольга Караткевіч